Генпракуратура накіравала Міністэрству транспарту і камунікацый прадпісанне аб ухіленні парушэнняў па выніках праверкі выканання падпраграмы «Рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі» дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021–2025 гады.
Як выявілі пракуроры, работы выконваліся недастаткова якасна.
“Мелі месца выпадкі разбурэння асфальтнага пакрыцця дарог, інжынерных збудаванняў мастоў і пуцеправодаў, якія адбыліся ў перыяд гарантыйнага тэрміну. Пры гэтым прадпрыемствы дарожнай гаспадаркі не накіроўвалі прэтэнзій да падрадных будаўнічых арганізацый адносна ўхілення дадзеных недахопаў у гарантыйны тэрмін.
Выяўлены крытычныя дэфекты дарожнага палатна, а таксама факты невыканання тэхналогіі вытворчасці будаўнічых работ. Характэрна і тое, што не ўсе арганізацыі наладзілі належны ўлік такіх дэфектаў”, — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Акрамя таго, пракуроры прыйшлі да высновы, што арганізацыі Мінтранса дапусцілі ўпушчэнні ў прафілактыцы ДТЗ з удзелам жывёл.
“На асобных участках трас у Мінскай, Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях былі пашкоджаны секцыі ахоўнай агароджы, не высякалася драўняна-хмызняковая расліннасць у прыдарожных палосах для забеспячэння бачнасці дзікіх жывёл, не ўсталёўваліся дарожныя знакі «Дзікія жывёлы» на патэнцыйна небяспечных участках”, — дадалі ў Генпракуратуры.
Таксама былі выяўлены іншыя парушэнні, у прыватнасці ў арганізацыях Мінтранса не выконваліся патрабаванні закона “Аб дарожным руху” ў частцы работы вадзіцеляў. Зафіксаваны выпадкі парушэння нормаў аб дзяржаўных закупках і закупках за кошт уласных сродкаў, не выконваліся патрабаванні закона “Аб барацьбе з карупцыяй”.
