Следчы камітэт РФ прад’явіў абвінавачанне арганізатару айс-флоатынгу на рацэ Тулома, падчас якога знікла грамадзянка Беларусі 1968 года нараджэння.
Як паведамілі ў Следкаме, індывідуальнаму прадпрымальніку прад’яўлена абвінавачанне па п. «в» ч. 2 арт. 238 КК РФ (“Аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі жыцця і здароўя спажыўцоў, што па неасцярожнасці пацягнулі смерць чалавека”).
“У межах расследавання крымінальнай справы ў фігуранта канфіскаваныя спецыялізаваныя гідратэрмакасцюмы, аглядам якіх устаноўлена, што яны не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, маюць скончаны тэрмін прыдатнасці, а належнае штогадовае асведчанне адсутнічае”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пошукі зніклай жанчыны працягваюцца. 1 студзеня яе панесла цячэннем у невядомым напрамку. Месцазнаходжанне зніклай да гэтага часу не ўстаноўлена.
У дачыненні да абвінавачанага абрана мера стрымання, не звязаная з пазбаўленнем волі. Праводзяцца следчыя дзеянні, накіраваныя на збор і замацаванне доказнай базы.


