АПК заклікаў беларусаў удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду

Навіны
Изображение: t.me/CabinetBelarus

Аб’яднаны пераходны кабінет звярнуўся да беларусаў з заклікам галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Яны праходзяць з 11 па 17 траўня.

У АПК падкрэслілі, што кабінет і КР — узаемадапаўняльныя інстытуты.

“Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртаецца да вас у важны час, калі мы разам вызначаем далейшы шлях нашай краіны. Перамены не адбываюцца самі па сабе – яны патрабуюць сістэмнай падрыхтоўкі і моцных інстытутаў.

Выбары ў Каардынацыйную Раду 4-га склікання, якія праходзяць з 11 па 17 траўня, – гэта адзін з найважнейшых этапаў на гэтым шляху.

Выбары і абраны прадстаўнічы орган – база дэмакратыі. Каардынацыйная Рада з’яўляецца тым інстытутам, які напрамую ўплывае на фарміраванне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Менавіта перад дэмакратычна абраным прадстаўнічым органам, якім з’яўляецца Каардынацыйная Рада, Кабінет нясе адказнасць і з’яўляецца падсправаздачным яму. Гэта ўзаемадапаўняльныя органы: пакуль Кабінет выконвае аператыўную працу, Каардынацыйная Рада забяспечвае дэмакратычны кантроль і прадстаўляе інтарэсы грамадства.

Без Каардынацыйнай Рады агульная сістэма інстытутаў, у якую таксама ўваходзяць Офіс Абранай Прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны Пераходны Кабінет, не зможа працаваць максімальна эфектыўна. Ваш удзел у выбарах Каардынацыйнай Рады стварае неабходную легітымнасць для ўсёй сістэмы нашых дэмакратычных сіл і праактыўных дзеянняў у інтарэсах Беларусі і беларускага грамадства на міжнароднай арэне.

Для нас Каардынацыйная Рада – гэта стратэгічны партнёр і гарант таго, што голас беларусаў будзе ўлічвацца пры прыняцці ключавых палітычных рашэнняў. Праз выбары мы разам будуем мадэль палітычнай сістэмы, заснаваную на празрыстасці і адказнасці перад грамадствам. Такі шлях фарміравання і працы інстытутаў беларускіх дэмакратычных сіл з’яўляецца адзінай здаровай асновай для будучай дэмакратычнай Беларусі.

Мандат народнага даверу дазваляе дэмакратычным інстытутам выступаць адзіным фронтам і больш эфектыўна працаваць над вырашэннем праблем беларусаў і беларусак, звязаных з мабільнасцю, легалізацыяй і іншымі формамі неабходнай падтрымкі ў замежжы. Моцная абраная Каардынацыйная Рада значна пашырае нашы магчымасці ў дыялогу з міжнароднымі партнёрамі, робячы супольныя патрабаванні палітычна значнымі і абгрунтаванымі.

Самі выбары – гэта не проста тэхнічны працэс. Гэта магчымасць для беларускага грамадства вярнуць сабе права голасу і рэальна ўплываць на палітычны парадак дня. Адначасова – гэта нашая супольная падрыхтоўка да моманту транзіту ўлады, калі кожны крок павінен быць легітымным і мець падтрымку грамадства.

Рэжым баіцца гэтых выбараў і нашай арганізаванасці, бо дыктатура можа трымацца толькі на падзеле грамадства. Будаўніцтва трывалых інстытутаў, якія немагчыма купіць ці запалохаць, стварае сілу, з якой немагчыма не лічыцца. Ваша воля, выказанная праз галасаванне – найлепшы доказ таго, што беларускае грамадства з’яўляецца суб’ектам, а не аб’ектам, чый лёс вырашаюць іншыя.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет заклікае кожнага і кожную з вас прыняць удзел у галасаванні з 11 па 17 траўня.

Выбіраючы сваіх прадстаўнікоў у Каардынацыйнай Радзе, вы ствараеце ўмовы для пераменаў. Вы будуеце і ўплываеце на ўсю сістэму дэмакратычных інстытутаў, ствараючы рэальную альтэрнатыву дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі. Вы пацвярджаеце, што беларусы – нацыя, якая здольная арганізоўвацца і самастойна вырашаць сваю будучыню.

Жыве Беларусь!” — гаворыцца ў звароце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.