Аляксандр Лукашэнка атрымаў Ленінскую прэмію. Яна была ўручана старшынёй ЦК Кампартыі Расіі Генадзем Зюганавым.
Ленінская прэмія ў часы СССР была адной з галоўных дзяржузнагарод. Аднак цяпер ЦК Кампартыі РФ уручае яе ад свайго імя. Прэмія была адроджана ў 2017 годзе, а Лукашэнку яе прысудзілі ў 2024-м “за нястомную і паслядоўную дзейнасць па сцвярджэнні ідэй справядлівага шматпалярнага свету і ўклад у пашырэнне практыкі яго фарміравання, пастаянныя намаганні па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы, асабісты ўдзел у захаванні гістарычнай спадчыны і каштоўнасцей савецкай эпохі, важную ролю ва ўмацаванні дружбы і братэрства народаў дзвюх краін”.
Лукашэнка быў рады сустрэчы з Зюганавым. Паводле яго слоў, ён яе вельмі чакаў.
“Я вельмі чакаў гэтай сустрэчы. Нам ёсць пра што пагаварыць, падзяліцца некаторымі думкамі, настроямі і сумненнямі – на жаль, і такое яшчэ ў нас прысутнічае. Я рады, што вы прыехалі”, – сказаў Лукашэнка.
Паводле інфармацыі прэс-службы, былі закрануты тэмы сельскай гаспадаркі, паездкі Лукашэнкі ў РФ і Кітай.
“Я вельмі ўважліва глядзеў, як вы гасцявалі ў Пуціна на Валдаі, а потым паляцелі ў Кітай да нашага агульнага сябра Сі Цзіньпіна. Вы вельмі добра папрацавалі ў галіне машынабудавання, што выключна важна. Вам ёсць што паказаць”, – сказаў Зюганаў.
Ён таксама адзначыў, што Лукашэнка беражліва абыходзіўся з савецкай спадчынай.
“Вы падвоілі свой савецкі патэнцыял. Ваша дасягненне ў тым, што на базе лепшага савецкай эпохі дадавалі, прыбаўлялі, нічога не выкідаючы і рухаючыся наперад. Вось гэта робіць вам гонар”, – сказаў ён.

