Пракуратура Заводскага раёна Мінска выдала чарговае прадпісанне маркетплэйсу. Падставай стала наяўнасць у продажы на інтэрнэт-пляцоўцы глушыцеляў для зброі.
«Падчас маніторынгу адной з папулярных пляцовак аб’яў выяўлена не менш за 3 тыс. прапаноў да свабоднага набыцця «дульных тармазоў-кампенсатараў», якія, зыходзячы з тэхнічных характарыстык, значна зніжалі сілу гуку пры стрэле, у сувязі з чым маглі быць аднесены да катэгорыі глушыцеляў гуку стрэлу (прыстасаванняў для бясшумнай стральбы). Напрыклад, некаторыя з прапанаваных мадэляў дульных прыстасаванняў зніжалі гук стрэлу на 90%», – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Назва пляцоўкі не ўказваецца. Прадпісанне яна выканала і прыняла «арганізацыйна-тэхнічныя меры, накіраваныя на немагчымасць размяшчэння такіх аб’яў».
Органам унутраных спраў даручана правесці праверкі па фактах размяшчэння аб’яў.
