Аляксандру Мілінкевічу патрабуецца дапамога

Галоўнае

Аляксандру Мілінкевічу зноў патрабуецца дапамога. Ён павінен прайсці інтэнсіўную рэабілітацыю пасля складанай аперацыі, якая прайшла ў лістападзе мінулага года. Пра гэта паведаміла яго жонка Іна Кулей.

У мінулым годзе выявілася, што ў палітыка закрытая тромбам шыйная артэрыя. Яму была зробленая аперацыя. Аднак аперацыя была звязаная з ускладненнямі. У Мілінкевіча здарыўся ацёк мозгу.

“Тры тыдні Аляксандр знаходзіўся ў інтэнсіўнай тэрапіі — паміж жыццём і смерцю. З Божай дапамогай і дзякуючы вашым малітвам ён выжыў.

Потым пачаліся доўгія месяцы барацьбы з інфекцыямі, якімі, на жаль, поўныя шпіталі і якія асабліва небяспечныя для людзей з аслабленым імунітэтам. Запаленне лёгкіх, інфекцыя кішэчніка, зноў запаленне лёгкіх…

Левая частка мозгу, якая адказвае за інтэлект, маўленне і памяць, не пацярпела.

Правая — тая, што адказвае за рух, атрымала пашкоджанні: не працуе левая рука, дрэнна слухаюцца ногі”, — напісала Іна Кулей.

У выніку цяпер Мілінкевічу патрабуецца новы этап рэабілітацыі. Іна Кулей падзякавала ўсім, хто ўжо дапамагаў сям’і і падтрымліваў яе.

“Ад усяго сэрца дзякую і нізка кланяюся кожнаму, каму неабыякавы лёс Аляксандра, хто падтрымлівае нас словам, малітвай, дапамогай і справай.

На жаль, Аляксандр застаецца носьбітам патагенных бактэрый, якія могуць актывізавацца ў любы момант. Таму ён пакуль не можа вярнуцца дадому — яму неабходныя пастаянны нагляд дактароў і інтэнсіўная рэабілітацыя. Усё гэта каштуе. Як і многія з вас, мы не можам вярнуцца на Радзіму. Наш дом у Берштах пасля вобшукаў апячатаны, заведзена крымінальная справа. Мы не атрымліваем ні беларускіх, ні польскіх пенсіяў і жывем толькі на тое, што можам зарабіць самі. Калі мы былі здаровыя і працавалі ўдвух, нам хапала на дастойнае жыццё. Цяпер усё змянілася.

Арэнда жылля, аплата рэабілітацыйнага цэнтра, лекі, транспартныя выдаткі, каб штодня дабірацца да мужа ў шпіталь, — усё гэта ўжо выходзіць за межы нашых магчымасцяў. Таму я звяртаюся да вас, сябры, з просьбай аб дапамозе. Я вельмі веру ў сілу нашай салідарнасці, у сілу талакі, у чалавечую дабрыню.

Веру, што калі Бог захаваў Аляксандру жыццё, то мы павінны змагацца за яго далей.

І шчыра веру, што свята — яшчэ наперадзе”, — напісала яна.

На сайце zrzutka.pl адкрыты збор на лячэнне Аляксандра Мілінкевіча. Мэта — сабраць 120 тыс. злотых. Ужо ўдалося сабраць 16% сумы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.