114 з 123 «памілаваных» Аляксандрам Лукашэнкам у выніку перамоваў з амерыканскім бокам вывезлі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну. Сярод іх таксама грамадзяне Украіны, якія знаходзіліся ў зняволенні, паведамляе ўкраінскі Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.
«У выніку папярэдніх дамоўленасцяў і выніковых перамоваў з беларускім бокам, па запыце і пры садзейнічанні амерыканскіх партнёраў і працы Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, Украіне перададзена 114 грамадзянскіх асоб, сярод іх — украінцы, якія ўтрымліваліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Самаму маладому вызваленаму ўкраінцу споўнілася 25 гадоў. Яго жонку вярнулі падчас папярэдняга вызвалення. Ён і іншыя ўкраінцы — цывільныя асобы, якія былі затрыманыя ў Беларусі і абвінавачваліся ў працы на ўкраінскія спецслужбы.
Таксама Украіне былі перададзены палітзняволеныя — грамадзяне Беларусі, у тым ліку вядомыя беларускія грамадскія і палітычныя дзеячы, у прыватнасці Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава. Пасля аказання неабходнай медыцынскай дапамогі беларусаў, па іх жаданні, абяцаюць даставіць у Польшчу і Літву.
«Цяперашняя акцыя па вяртанні грамадзянскіх асоб з’яўляецца прыкладам паспяховай сумеснай працы паміж ЗША і Украінай. Выказваем падзяку Злучаным Штатам Амерыкі і прэзідэнту Дональду Трампу за плённую працу па вяртанні грамадзянскіх і ваенных украінцаў з тэрыторыі Беларусі і РФ. Дзякуем таксама ўсім задзейнічаным дзяржаўным структурам за дапамогу і сумесную працу», — заявілі ў Каардынацыйным штабе.