ЗША заклікаюць Тайланд і Камбоджу спыніць агонь. Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.
“Злучаныя Штаты занепакоеныя працяглымі баявымі дзеяннямі і ахвярамі ў некалькіх раёнах уздоўж камбаджыйска-тайландскай мяжы.
Мы настойліва заклікаем да неадкладнага спынення баявых дзеянняў, абароны грамадзянскага насельніцтва і вяртання абодвух бакоў да мер па дээскалацыі, выкладзеных у Куала-Лумпурскіх мірных пагадненнях ад 26 кастрычніка, падпісаных прэм’ер-міністрамі Камбоджы і Тайланда ў прысутнасці прэзідэнта Трампа і прэм’ер-міністра Малайзіі Анвара Ібрагіма“, – гаворыцца ў заяве.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які лічыў сваёй заслугай прыпыненне канфлікту, што абвастрыўся ў гэтым годзе, таксама заявіў, што зробіць тэлефонны званок, каб спыніць яго зноў.
«Мне вельмі не хочацца гэта казаць, гэтая вайна, Камбоджа – Тайланд, пачалася сёння, і заўтра мне давядзецца патэлефанаваць. Хто яшчэ мог бы сказаць: “Я патэлефаную і спыню вайну дзвюх вельмі магутных краін, Тайланда і Камбоджы”?» – сказаў ён.
Нагадаем, у мінулым месяцы Тайланд прыпыніў дзеянне мер па дээскалацыі пасля таго, як ваеннаслужачы краіны атрымаў калецтвы ад міны, якую, паводле сцвярджэння Бангкока, нядаўна ўстанавіла Камбоджа. Камбаджыйскі бок адмаўляў гэтыя абвінавачанні.
На гэтым тыдні сутыкненні ў раёнах каля спрэчнага ўчастка мяжы аднавіліся. Яны праходзяць з выкарыстаннем авіяцыі і рэактыўнай артылерыі. З памежных раёнаў з абодвух бакоў эвакуяваны сотні тысяч чалавек. Паведамляецца пра загінулых і параненых як сярод вайскоўцаў, так і грамадзянскага насельніцтва.