Украіна валодае інфармацыяй пра спецыяльнае абсталяванне, усталяванае на тэрыторыі Беларусі і выкарыстанае Расіяй для нанясення ўдараў беспілотнікамі па ўкраінскай тэрыторыі. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў сёння ў традыцыйным вячэрнім звароце.
«Украіна неаднаразова падавала сігналы пра тое, што ўцягванне Расіяй у гэтую вайну яшчэ і Беларусі можа прывесці да надзвычай небяспечных наступстваў. У прыватнасці, мы зафіксавалі, што ўздоўж нашай мяжы на тэрыторыі Беларусі ўсталявана спецыяльнае абсталяванне, якое працуе на Расію, на расіян, і дапамагае ім наносіць удары дронамі па нас, па нашай тэрыторыі», — расказаў Зяленскі.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра чатыры рэтранслятары, размешчаныя ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях Беларусі.
«Мы ва Украіне ведаем пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — менавіта ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Менавіта дзякуючы такому абсталяванню наносіліся ўдары па Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласцях, па нашай энергетыцы, па нашай чыгунцы — па звычайных гарадах і нашых вёсках», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Украінскі лідар лічыць, што Беларусь яшчэ можа пазбегнуць далейшага ўцягвання ў вайну, і заклікаў дэмантаваць гэтае абсталяванне.
«У Беларусі ёсць час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне», — адзначыў ён.
Уладзімір Зяленскі расказаў, што Украіна адсочвае дзейнасць беларускіх прадпрыемстваў, якія працуюць у інтарэсах расійскага ваеннага комплексу. Ён нагадаў пра пастаўкі кампанентаў для расійскай бранятэхнікі і ракетных сістэм, а таксама паліва для патрэб расійскай арміі.
«Таксама мы ведаем пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расію і на гэтую вайну. Кожнае прадпрыемства, якое пастаўляе кампаненты для расійскай зброі — для бранятэхнікі, для ракетных сістэм, — а таксама прадпрыемствы, якія пастаўляюць Расіі паліва для вайны, — усё гэта з’яўляецца ўцягваннем Беларусі ў вайну. Украіна гэтага не хоча, і мы папярэдзілі фактычнае кіраўніцтва Беларусі, якое ўплывае на адпаведныя працэсы», — сказаў Зяленскі.
Паводле даных украінскага боку, за студзень — май пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію выраслі ў 13 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а пастаўкі дызельнага паліва — у тры разы.
У Кіеве лічаць, што такія дзеянні дапамагаюць Расіі адаптавацца да знешняга ціску і не спрыяюць дасягненню міру.
«Усё павінна быць наадварот: мір павінен станавіцца бліжэйшым, і Беларусі варта рабіць тыя крокі, пра якія яе фактычнае кіраўніцтва кажа па неафіцыйных каналах, каб мы ва Украіне сапраўды бачылі, што Беларусь сапраўды супраць гэтай вайны. Гэтую вайну неабходна заканчваць. Мір патрэбны», — рэзюмаваў ён.
Нагадаем, учора прэзідэнт Украіны даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень для таго, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў.
«Ён можа гэта прыбраць? Навошта словы пра тое, што ён не хоча вайны? Няхай прыбярэ гэтую тэхніку, няхай адключыць гэтую тэхніку. Я думаю, яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць. Чаму я кажу пра тыдзень? Таму што цяпер кожны дзень з-за гэтага гінуць нашы мірныя жыхары, атрымліваюць раненні дзеці. Калі ён гэтага не зробіць, зробім мы», — заявіў Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Насры Асфурам у пятніцу ў Кіеве.