19-гадовага жыхара Пінска падазраюць у «рэабілітацыі нацызму». Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, ён узяты пад варту.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, падазраваны апублікаваў у агульнадаступных Telegram-чатах больш за 5 тысяч паведамленняў. Паводле версіі следства, публікацыі былі накіраваныя на папулярызацыю, апраўданне і гераізацыю нацысцкага рэжыму, адмаўленне яго злачынстваў, а таксама прапаганду ультраправых ідэй і праслаўленне калабарацыяністаў.
Дзеянні фігуранта ацанілі як рэабілітацыю нацызму ў форме ўхвалення і адмаўлення злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, а таксама ваенных і іншых злачынстваў, устаноўленых прысудам Міжнароднага ваеннага трыбунала.
Крымінальная справа ўзбуджаная паводле ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса і знаходзіцца ў вытворчасці ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. Маладому чалавеку пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Праводзяцца следчыя дзеянні, накіраваныя на ўстанаўленне ўсіх абставінаў справы.
