Мужчына, пра ліквідацыю якога на УНС заявіў Аляксандр Лукашэнка, жывы. Ён затрыманы. Пра гэта заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Зазулінская. Яна спасылаецца на «надзейныя крыніцы».
«З надзейных крыніц нам вядома, што інцыдэнт адбыўся ў Жодзіне, і, самае галоўнае, чалавек жывы. Ён утрымліваецца сілавікамі рэжыму, затрыманне было жорсткім. І ён дакладна жывы», — паведаміла яна.
Нагадаем, 18 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры затрыманні быў забіты «БЧБшнік».
«Вось мы не аддалі галоснасці трохдзённай даўнасці затрыманне нягодніка там. Ну, як мы бчбшнікам называем. Ліквідаваны. Але параніў траіх нашых хлопцаў. Усе жывыя? Іван? [звяртаючыся да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова]. Усе жывыя. Адзін цяжка паранены, двое палягчэй. Але яны абаранялі нас. Вось яна, гэта наша моладзь. Таму разумейце, што калі дзесьці нешта не так — гэта мы з вамі», — сказаў ён на мінулым тыдні.