Міністэрства эканомікі Беларусі апублікавала некаторыя вынікі кан’юнктурнага апытання, праведзенага НДЭІ Мінэканомікі ў красавіку.
“Каэфіцыент загрузкі вытворчых магутнасцяў застаецца на ўзроўні 66%. Сярэдні перыяд забяспечанасці заказамі некалькі зменшыўся і склаў 2,9 месяца”, – гаворыцца ў паведамленні.
Для параўнання, у студзені загрузка магутнасцяў складала 67%, а сярэдні перыяд забяспечанасці заказамі – 3,1%.
83% кіраўнікоў паведамілі аб павышэнні або захаванні аб’ёмаў выпуску, а таксама адзначалі рост або стабільную дынаміку попыту.
Пры гэтым 28% рэспандэнтаў заявілі аб зніжэнні запасаў гатовай прадукцыі.
“Большасць удзельнікаў даследавання канстатавалі захаванне бягучага ўзроўню занятасці, рост колькасці работнікаў адзначылі 17% апытаных”, – дадалі ў Мінэканомікі.
21% рэспандэнтаў плануюць рост інвестыцыйнай актыўнасці, 70% – захаванне на бягучым узроўні. Сярод напрамкаў выкарыстання капіталу традыцыйна лідзіруюць абнаўленне (71%) і пашырэнне (36%) вытворчых магутнасцяў. У рэсурсазберажэнне і зніжэнне працоўных выдаткаў інвеставалі 21% і 17% кампаній адпаведна.
“У кароткатэрміновай перспектыве большасць кіраўнікоў чакаюць некаторага павелічэння попыту і аб’ёмаў вытворчасці, а таксама плануюць захаванне бягучага ўзроўню занятасці”, – заключылі ў Мінэканомікі.
