На беларуска-польскай мяжы з’явіліся мігранты з досведам пракладкі тунэляў. Пра гэта ў эфіры RMF FM заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк. Нагадаем, на мінулым тыдні польскія памежнікі выявілі ўжо чацвёрты тунэль пад памежным загароджаннем. Праз яго з тэрыторыі Беларусі паспелі прайсці каля 180 мігрантаў, 130 з іх былі затрыманыя.
«Згодна з нашымі высновамі, атрыманымі ў ходзе апытання тых, хто спрабаваў трапіць на польскі бок, для рыцця тунэляў былі прыцягнутыя спецыялісты», — сказаў Мрочэк.
Адказваючы на ўдакладняючыя пытанні пра паходжанне гэтых спецыялістаў, ці прыбываюць яны з Блізкага Усходу, у тым ліку з сектара Газа, намеснік міністра абмежаваўся словамі пра сірыйцаў.
«Сярод мігрантаў ёсць грамадзяне Сірыі. Карацей кажучы, у нас там ёсць людзі, як я ўжо казаў, якія маюць досвед у падобных дзеяннях», — сказаў ён.
Мрочэк адзначыў, што пераход да «тунэльнай» тактыкі сведчыць пра эфектыўнасць супрацьдзеяння парушальнікам.
«Папярэднія метады пацярпелі няўдачу, цяпер яны спрабуюць пранікнуць праз тунэлі, але мы да гэтага гатовыя», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, цяпер польскія службы дадаткова наладжваюць сістэмы выяўлення на мяжы, каб больш эфектыўна фіксаваць пракладку тунэляў.
«Мы пераналаджваем усю гэтую сістэму для выяўлення падземнай актыўнасці», — сказаў ён.
Намеснік міністра патлумачыў, што датчыкі збіраюць вялікі аб’ём інфармацыі, які ацэньваецца з дапамогай ШІ, каб адсяваць перамяшчэнні жывёл і г.д.
«Таму цяпер нам трэба адкалібраваць гэтую сістэму так, каб яна… Каб мы паспяхова выяўлялі кожнае дзеянне, якое… напрыклад, падземныя вібрацыі. Так што яна пераналаджваецца», — сказаў ён.