З’ехаўшы з Польшчы ў Беларусь, Анатоль Вайцяхоўскі пасля здымак у прапагандысцкім відэа звярнуўся да Тамаша Шмідта, польскага суддзі, які ўцёк у Беларусь у 2024 годзе.
Па словах Вайцяхоўскага, разам са Шмідтам ён рыхтуе звароты ў Генпракуратуру і ў іншыя дзяржаўныя органы Польшчы з нагоды затрымання беларуса Уладзіміра Усера, падазраванага ў шпіянажы.
«Я сёння звярнуўся ў польскі фонд Тамаша Шмідта „Польская праўда“. І мы рыхтуем прававыя дакументы для Генеральнай пракуратуры і дзяржаўных органаў Рэспублікі Польшча. Я як адзіны сведка гатовы даць паказанні аб затрыманні Уладзіміра Усера польскімі спецслужбамі», — заявіў Вайцяхоўскі ў Facebook.
Шмідт заявіў, што аповед Вайцяхоўскага ўразіў яго «да глыбіні душы». Ён сказаў, што падрыхтуе лісты генеральнаму пракурору Польшчы, кіраўніку Агенцтва ўнутранай бяспекі і амбудсмену па правах чалавека, каб высветліць, чаму затрымлівалі Усера, чаму яго дагэтуль не пахавалі і што з яго целам.
Тамаш Шмідт — былы суддзя Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы. У 2024 годзе ён атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, пачаў выступаць з рознымі абвінавачваннямі супраць польскіх уладаў і супрацоўнічаць з беларускай прапагандай. У Польшчы ён з’яўляецца падазраваным па справе аб «хейтарскай аферы», а таксама падазраецца ў шпіянажы. У дачыненні да яго выдадзены два еўрапейскія ордэры на арышт.
Уладзімір Усер — беларускі актывіст з Бабруйска, які пераехаў у Беласток. Ён жыў з Вайцяхоўскім у адной кватэры. У лістападзе 2025 года Усера затрымала Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Яму былі прад’яўлены абвінавачанні ў дзейнасці ў інтарэсах замежнай выведкі супраць Польшчы. З-за стану здароўя Уладзіміра не сталі змяшчаць пад варту. Спачатку ён знаходзіўся ў бальніцы, затым — у шэлтары ў Беластоку. У пачатку снежня ён памёр.
Пасля смерці Усера Вайцяхоўскі знік, а затым з’явіўся ў Беларусі і зняўся ў прапагандысцкім відэа.
