Анатоль Вайцяхоўскі, які знік у Беластоку каля месяца таму, зняўся ў прапагандысцкім фільме «Уцёкі дадому» тэлеканала «Беларусь 1». Анонс «фільма-расследавання» апублікаваны сёння.
Вайцяхоўскі ў 1990-х заснаваў адну з першых прыватных газет у Баранавічах — «Крок», у 2000-х займаўся бізнесам. У красавіку 2023 года Вайцяхоўскага затрымлівалі за каментары. Ён эвакуяваўся ў Польшчу пры дапамозе BYSOL.
У сакавіку гэтага года Вайцяхоўскі разам з яшчэ адным актывістам, Уладзімірам Уссерам, з якім яны жылі ў адной кватэры ў Беластоку, з’явіўся ў прапагандысцкім фільме БТ «Чужое неба», у якім беларусы распавядалі пра праблемы жыцця ў эміграцыі. Як аказалася, абодвух знялі там падманам.
У лістападзе 2025 года Уссера затрымала Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Яму былі прад’яўлены абвінавачанні ў дзейнасці ў інтарэсах замежнай разведкі супраць Польшчы. З-за стану здароўя Уладзіміра не сталі змяшчаць пад варту. Спачатку ён знаходзіўся ў бальніцы, затым — у шелтары ў Беластоку. У пачатку снежня ён памёр.
Пасля смерці Уссера Вайцяхоўскі перастаў з’яўляцца на працы ў таксі, выдаліў свой профіль у Telegram і выключыў тэлефон, а потым нечакана знайшоўся ў Беларусі.
