Вярхоўная Рада Украіны ў другім чытанні і ў цэлым прыняла законопраект №14052, які рэгулюе прававы статус і медыцынскае забеспячэнне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што праходзяць ваенную службу ва Узброеных сілах Украіны па кантракце.
Дакумент удакладняе правілы афармлення дакументаў для замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія заключылі кантракт на службу, а таксама прыводзіць заканадаўства ў адпаведнасць з прынцыпамі роўнасці і справядлівасці, паведамляе прэс-служба Вярхоўнай Рады. Гаворка ідзе пра распаўсюджанне асобных сацыяльных гарантый на замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія служаць у складзе Узброеных сіл Украіны, Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту Украіны і Нацыянальнай гвардыі.
Закон уносіць змены адразу ў некалькі нарматыўных актаў, у тым ліку ў законы «Аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства», «Аб унясенні змен у некаторыя законы Украіны па забеспячэнні рэалізацыі права на набыццё і захаванне грамадзянства Украіны», а таксама «Аб сацыяльнай і прававой абароне вайскоўцаў і членаў іх сем’яў».
Прадбачана, што замежнікам і асобам без грамадзянства, якія законна заключылі кантракт на ваенную службу, будуць афармляцца віды на часовае пражыванне на тэрмін дзеяння кантракта і яшчэ на тры месяцы пасля яго спынення (акрамя асобных выпадкаў скасавання). Вызначаецца і пералік дакументаў, неабходных для атрымання такога віду на жыхарства.
Акрамя таго, закон дазваляе падаваць для афармлення часовага пражывання пашпарты з мінулым тэрмінам дзеяння або тыя, што падлягаюць абмену. Гэта магчыма ў выпадках, калі для атрымання новага пашпарта трэба звяртацца да ўладаў краіны грамадзянства або папярэдняга пастаяннага пражывання, калі гэтая краіна здзейсніла ўзброеную агрэсію супраць Украіны або не прызнае яе тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт.
Для замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія заключылі кантракт на ваенную службу да ўступлення закона ў сілу, усталяваны шасцімесячны тэрмін для звароту па афармленне віду на часовае жыхарства.
Таксама скарачаюцца тэрміны ўступлення ў сілу закона аб грамадзянстве — да трох месяцаў, і памяншаюцца тэрміны, адведзеныя Кабінету Міністраў Украіны на падрыхтоўку неабходных падзаконных актаў.
Адначасова ў закон «Аб сацыяльнай і прававой абароне вайскоўцаў і членаў іх сем’яў» уносіцца норма, паводле якой яго дзеянне ў цэлым не распаўсюджваецца на замежных вайскоўцаў і асоб без грамадзянства. Выключэнне складаюць палажэнні аб грашовым забеспячэнні, медыцынскім абслугоўванні і прадастаўленні адпачынкаў.
Як адзначылі ў Офісе Святланы Ціханоўскай, закон дапаможа вырашыць практычныя і прававыя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі — ад легалізацыі знаходжання да сацыяльных гарантый і абароны іх правоў. За дакумент прагаласаваў 291 дэпутат.
Праца над законапраектам ішла працяглы час і пачалася яшчэ ў сакавіку пасля круглага стала ў Кіеве, дзе каманда Ціханоўскай перадала ўкраінскаму боку прапановы, сабраныя ад беларускіх добраахвотнікаў.
«Прыняцце закона — гэта добрая навіна і вынік сумесных намаганняў. Цяпер неабходна забяспечыць яго рэалізацыю і далейшае паляпшэнне нормаў у інтарэсах беларускіх добраахвотнікаў», — адзначыў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.