Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць расійскай крыптавалютнай і фінансавай інфраструктуры

Галоўнае
Фото: Jievani Weerasinghe / Unsplash

Вялікабрытанія 26 мая абвясціла пра маштабны пакет санкцый супраць расійскай крыптавалютнай і фінансавай інфраструктуры. Пад абмежаванні трапілі 14 кампаній і чатыры фізічныя асобы, якіх Лондан лічыць датычнымі да абыходу санкцый і падтрымкі расійскай фінансавай сістэмы.

Паводле паведамлення брытанскага МЗС і Упраўлення па ажыццяўленні фінансавых санкцый (OFSI), новыя меры ўключаюць замарозку актываў, забарону на аказанне траставых паслуг, абмежаванні на банкаўскія карэспандэнцкія адносіны і санкцыі супраць інтэрнэт-сэрвісаў. Для шэрагу платформаў гэта азначае, што брытанскія правайдары павінны абмежаваць доступ карыстальнікаў з Вялікабрытаніі да іх сайтаў і праграм.

У санкцыйны спіс увайшлі крыптавалютныя біржы, фінансавыя сэрвісы і кампаніі, зарэгістраваныя ў Расіі, Грузіі, Кыргызстане, ААЭ, Панаме, на Маршалавых астравах і ў Сальвадоры. Сярод іх — EXMO EXCHANGE LIMITED, HUOBI GLOBAL S.A. (HTX), BITPAPA IC FZC LLC, RAPIRA GROUP LLC, ARVIX LLC, AIFORY LLC і іншыя.

Брытанскія ўлады сцвярджаюць, што частка гэтых структур звязаная з расійскай сеткай A7 і платформай Garantex, якая раней ужо трапіла пад заходнія санкцыі. У дакументах гаворыцца, што кампаніі аказвалі фінансавыя паслугі, тэхналогіі і эканамічныя рэсурсы арганізацыям, якія дзейнічаюць у «сектары стратэгічнага значэння для ўрада Расіі», найперш у сферы фінансавых паслуг.

Пад персанальныя санкцыі трапілі Ліран Коэн, Ігар Горын, Ірына Акапян і Сяргей Мендзялееў. Ім забаронены ўезд у Вялікабрытанію, а іх актывы падлягаюць замарозцы. Паводле версіі Лондана, яны займалі кіроўныя пасады або былі звязаныя з кампаніямі, якія ўваходзяць у інфраструктуру A7 і расійскі фінансавы сектар.

У брытанскім урадзе заяўляюць, што санкцыі накіраваныя супраць механізмаў, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць міжнародныя абмежаванні і падтрымліваць фінансавыя аперацыі ва ўмовах санкцыйнага ціску. У дакуменце асобна падкрэсліваецца, што парушэнне санкцыйнага рэжыму Вялікабрытаніі можа разглядацца як крымінальнае злачынства.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.