Венесуэла адказала на пагрозы блакады з боку ЗША

Навіны
Фото: Ronal Labrador / Unsplash.com

Венесуэла асуджае пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа блакаваць танкеры, што накіроўваюцца ў парты краіны. Пра гэта гаворыцца ў заяве ўрада Венесуэлы.

«Венесуэла, у поўнай адпаведнасці з міжнародным правам, якое абараняе нас, нашу Канстытуцыю і законы Рэспублікі, пацвярджае свой суверэнітэт над усімі сваімі прыроднымі рэсурсамі, а таксама права на свабоднае суднаходства і свабодны гандаль у Карыбскім моры і сусветным акіяне. Такім чынам, яна будзе ў строгай адпаведнасці са Статутам ААН у поўнай меры ажыццяўляць сваю свабоду, юрысдыкцыю і суверэнітэт перад тварам гэтых пагроз, што распальваюць вайну.

Наш пасол у ААН неадкладна асудзіць гэта сур’ёзнае парушэнне міжнароднага права супраць Венесуэлы», — гаворыцца ў заяве.

У ёй падкрэсліваецца, што сапраўдныя намеры Трампа — «скрасці багацці краіны», таму «народ Венесуэлы, у поўным народным, ваенным і паліцэйскім адзінстве, знойдзе спосаб абараніць свае гістарычныя правы і здабыць перамогу мірным шляхам».

«Венесуэла ніколі больш не будзе калоніяй якой-небудзь імперыі або замежнай дзяржавы і працягне разам са сваім народам ісці шляхам пабудовы дабрабыту і бесперашкоднай абароны нашай незалежнасці і суверэнітэту», — гаворыцца ў заяве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны