Урад выдзеліць на інфраструктуру бяспекі насельніцтва 450 млн рублёў да 2030 года

Навіны
Фото: Johannes Daleng, unsplash.com

Савет міністраў пастановай №730 ад 16 снежня зацвердзіў дзяржпраграму «Інфраструктура бяспекі насельніцтва» на 2026–2030 гады. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 1 студзеня.

Адказным заказчыкам праграмы з’яўляецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праграма ўключае дзве падпраграмы:

  • «Развіццё ратавальнай інфраструктуры»,
  • «Радыяцыйная бяспека».

У межах першай падпраграмы мяркуецца ўзводзіць і рэканструяваць будынкі і збудаванні аддзелаў па надзвычайных сітуацыях для захоўвання і абслугоўвання сучаснай пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі.

Другая падпраграма павінна вырашыць задачы забеспячэння радыяцыйнай абароны і радыяцыйнай бяспекі.

Аб’ём фінансавання дзяржпраграмы на пяць гадоў вызначаны ў 452 млн рублёў, з якіх 390 млн рублёў будуць выдзеленыя з рэспубліканскага бюджэту, а 62 млн рублёў — з мясцовых бюджэтаў.

Асноўнымі напрамкамі рэалізацыі падпраграмы «Развіццё ратавальнай інфраструктуры» названыя:

  • развіццё інфраструктуры АПНС, якая выкарыстоўваецца для выканання ўскладзеных на Міністэрства па надзвычайных сітуацыях функцый;
  • забеспячэнне ўмоў для захоўвання і абслугоўвання сучаснай аварыйна-ратавальнай тэхнікі;
  • забеспячэнне работнікаў АПНС неабходнымі плошчамі для выканання службовых абавязкаў;
  • прывядзенне сацыяльна-бытавых умоў нясення службы асабовым складам у адпаведнасць з устаноўленымі нарматывамі.

Асноўнымі напрамкамі рэалізацыі падпраграмы «Радыяцыйная бяспека» вызначаныя:

  • павышэнне ўзроўню бяспекі тэрыторый, на якіх устаноўлены кантрольна-прапускны рэжым, аптымізацыю іх межаў;
  • прадухіленне міграцыі радыенуклідаў за межы радыяцыйнага запаведніка шляхам стварэння фізічных бар’ераў, арганізацыі бяспечнага функцыянавання і развіцця тэрыторыі;
  • правядзенне радыяцыйнага маніторынгу і кантролю радыеактыўнага забруджвання, індывідуальнага дазіметрычнага кантролю насельніцтва;
  • ажыццяўленне ахоўных мерапрыемстваў для забеспячэння радыяцыйнай бяспекі ў лясной гаспадарцы;
  • удасканаленне метадалагічнай базы і інфармацыйна-аналітычнага суправаджэння ў мэтах кіравання радыяцыйнай абстаноўкай для забеспячэння радыяцыйнай абароны персаналу і насельніцтва.

Сярод мерапрыемстваў падпраграмы можна адзначыць абнаўленне і выданне карт тэрыторый радыяцыйнага забруджвання, стварэнне ўздоўж мяжы фізічных бар’ераў прадухілення міграцыі радыенуклідаў на тэрыторыі радыяцыйнага запаведніка, стварэнне лабараторыі камп’ютарнага мадэлявання і разлікаў у галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны