Савет міністраў унёс змены ў правілы мэтавага набору ў навучальныя ўстановы. Адпаведная пастанова прынята сёння, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Цяпер права заказу на мэтавую падрыхтоўку будуць мець дзяржорганы, дзяржаўныя арганізацыі, а таксама арганізацыі, у якіх дзяржаве належыць не менш за 50%. Акрамя таго, такое права будуць мець “арганізацыі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё рэгіёна і маюць хадайніцтва адпаведнага аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама)”.
Арганізацыі таксама будуць абавязаны абгрунтаваць неабходнасць падрыхтоўкі спецыяліста на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Абавязковым становіцца конкурс сярод абітурыентаў на месца па мэтавай падрыхтоўцы. Такі конкурс павінен быць як пры падачы дакументаў, так і пры падвядзенні вынікаў здачы ўнутраных уступных выпрабаванняў у ВНУ.
Устанаўліваецца адказнасць абітурыента, які заключыў дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, і заказчыка ў выпадку неабгрунтаванага скасавання або невыканання ўмоў дагавора. Акрамя таго, удакладнены тэрміны прадстаўлення заявак на мэтавую падрыхтоўку і іх формы.
Пастановай прадугледжаны пераход адміністрацыйных працэдур дзяржаўнай акрэдытацыі (альбо яе пацвярджэння) у сферы адукацыі ў электронны выгляд. Прадстаўнікі заказчыкаў кадраў будуць уключацца ў склад акрэдытацыйнай камісіі.
Дакументам таксама павышаецца доля прафесарска-выкладчыцкага складу з вучонымі ступенямі з 40% да 45% для ацэнкі адпаведнасці заяўленаму віду ўстановы вышэйшай адукацыі. Дадзеная норма ўступіць у сілу з 1 верасня 2030 года.
