Уласніка і кіраўніцтва швейнай фірмы абвінавачваюць у падатковым махлярстве на 1,6 млн рублёў

Навіны
Фото: Генпрокуратура

Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу аб падатковым махлярстве. Абвінавачанні прад’яўлены 53-гадоваму заснавальніку фірмы па пашыве швейных вырабаў, 67-гадовай кіраўніцы фірмы і 50-гадоваму дырэктару падкантрольнай кампаніі з РФ.

Паводле версіі следства, заснавальнік фірмы арганізаваў схему неабгрунтаванага вяртання розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і сумай ПДВ, налічанай па рэалізацыі тавару. У 2019–2024 гадах швейныя вырабы прадаваліся расійскім пакупнікам праз пасярэднікаў, якія фактычна не ўдзельнічалі ў камерцыйнай дзейнасці.

“Другая абвінавачаная — кіраўніца швейнай фірмы, выконваючы адведзеную ёй заснавальнікам ролю, сфарміравала для вяртання розніцы сум ПДВ канчатковыя цэны на вырабленыя тавары на адрас падкантрольных замежных прадпрыемстваў. Тыя перадавалі іх канчатковаму пакупніку з указаннем заніжанай вартасці, што дазволіла занізіць выручку швейнай фірмы і неправамерна вярнуць з бюджэту розніцу сум ПДВ”, — гаворыцца ў паведамленні.

Трэці абвінавачаны, дырэктар кампаніі з РФ, дапамагаў размеркаваць выручку так, каб не выйсці за межы, устаноўленыя для спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

“Усяго за час супрацьпраўнай дзейнасці беларуская швейная фірма не даплаціла ў бюджэт краіны падатак на прыбытак у суме звыш 1,6 млн рублёў. У ходзе папярэдняга расследавання прычыненая злачынствамі шкода кампенсавана ў поўным аб’ёме”, — дадалі ў пракуратуры.

У дачыненні да абвінавачаных ужыты меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.