17-гадовы падлетак з Воранава ўкраў больш за 23 тысячы еўра з сейфа знаёмага і купіў на іх восем аўтамабіляў, паведамляе Следчы камітэт.
Юнак дапамагаў па гаспадарцы свайму 39-гадоваму знаёмаму, ведаў, дзе ён захоўвае каштоўнасці і пакідае ключы. У канцы сакавіка падлетак скарыстаўся момантам, калі знаёмага не было дома, знайшоў схаваныя ключы, пранік у дом і адкрыў сейф.
Абвінавачаны ўкраў з сейфа больш за 23 тысячы еўра. На большую частку грошай ён купіў восем аўтамабіляў. Адзін з іх аказаўся няспраўным, таму хлопец вырашыў яго спаліць.
Гаспадар дома выявіў знікненне і звярнуўся ў міліцыю. Выкрадальніка хутка вылічылі. У яго знайшлі 1500 еўра і больш за 8 тысяч рублёў, якія ён не паспеў выдаткаваць.
Абвінавачаны падлетак жыве са сваёй сям’ёй і вучыцца ў каледжы ў Гродне. Раней ён не быў судзімы. Узбуджана крымінальная справа аб крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаны заключаны пад варту.
