У Расіі зноў заявілі пра гатоўнасць ужыць ядзерную зброю для абароны Саюзнай дзяржавы

Оперативно-тактический ракетный комплекс "Искандер-М" Галоўнае
Оперативно-тактический ракетный комплекс "Искандер-М". Фото: Юрий Смитюк/ ТАСС

У Расіі зноў заявілі пра гатоўнасць ужыць ядзерную зброю для абароны Саюзнай дзяржавы. На гэты раз з такой заявай выступіў намеснік міністра замежных спраў РФ Міхаіл Галузін.

“Пастаянна ўдасканальваюцца мадальнасці ўзаемадзеяння паміж узброенымі сіламі Расіі і Беларусі, паміж органамі бяспекі Расіі і Беларусі. Мы знаходзімся ў пастаяннай гатоўнасці задзейнічаць усе сродкі, уключаючы ядзерныя, для захавання бяспекі Саюзнай дзяржавы”, — сказаў ён «Известиям».

Паводле яго слоў, “Масква і Мінск пастаянна ўдасканальваюць увесь комплекс узаемадзеяння ў сферы абароны і бяспекі ў адпаведнасці з дагаворам аб узаемных гарантыях бяспекі ў рамках СД. Дакумент быў падпісаны ў снежні 2024 года, ён прадугледжвае абавязацельства краін падтрымліваць адна адну ў выпадку замахаў на бяспеку любой з іх”.

У матэрыяле расійскай газеты таксама падкрэсліваецца, што ў 2025 годзе НАТА правяло больш за 120 вайсковых вучэнняў, а таксама больш за 700 вучэнняў прайшлі на ўзроўні асобных краін. Пры гэтым нібыта большасць манеўраў праводзілася “ля межаў Саюзнай дзяржавы”. Акрамя таго, звяртаецца ўвага, што агульная колькасць кааліцыйных сіл НАТА ў Літве, Латвіі, Польшчы і Эстоніі вырасла з лютага 2022 года амаль удвая і сёння складае каля 22 тыс. вайскоўцаў.

Са спасылкай на камандуючага ВПС і СПА Беларусі Андрэя Лук’яновіча сцвярджаецца, што “расце і колькасць правакацый з выкарыстаннем дронаў”.

У артыкуле гаворыцца, што колькасць Узброеных сіл Беларусі складае 63–65 тыс. чалавек. Пры гэтым падкрэсліваецца, што “беларусская армія дастаткова эфектыўная, паколькі валодае сучаснай зброяй і развітай ваеннай прамысловасцю”, а Расія здольная павялічыць колькасць сваіх сіл у краіне.

“Важна мець на ўвазе, што ў выпадку ваеннага сутыкнення з НАТА Масква і Мінск спачатку сутыкнуцца з арміямі Польшчы і краін Балтыі, а таксама разгорнутымі на іх тэрыторыі войскамі іншых краін блока. Асноўным сілам альянсу патрабуецца час, каб дасягнуць Усходняй Еўропы. Таму ключавую ролю адыгрывае Сувалкскі калідор, які падзяляе Беларусь і Калінінградскую вобласць. Менавіта на гэтую тэрыторыю дзяржавы НАТА звяртаюць асаблівую ўвагу ў сваіх планах па блакадзе расійскага рэгіёна”, — гаворыцца ў матэрыяле.

Наяўнасць расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і «Арэшніка» ў артыкуле ахарактарызавана як элемент стратэгічнага стрымлівання.

“Нягледзячы на правядзенне СВА ва Украіне, Масква ясна дае зразумець, што здольная абараніць свайго ключавога саюзніка. Ваенны канфлікт з сіламі Саюзнай дзяржавы ў цэнтры Еўропы прывёў бы да каласальных разбурэнняў і ахвяр у памежных краінах НАТА. Таму ўзмацненне сіл паблізу межаў з Беларуссю і правакацыі выглядаюць як спроба еўрапейскіх членаў Паўночнаатлантычнага альянсу аказаць ціск на Мінск і адцягнуць увагу Расіі”, — гаворыцца ў матэрыяле.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.