Пракуратура польскага Быдгашча завяршыла расследаванне ў дачыненні да сямі грамадзян Украіны, якіх падазраюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, што займалася адмываннем грошай і падатковымі махінацыямі ў 2018–2021 гадах. Як паведаміла прэс-сакратарка пракуратуры Агнешка Адамска-Оконьска, бенефіцыярамі незаконна выведзеных сродкаў былі пераважна юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя ў Расіі і Беларусі.
Схема была пабудавана паводле «карусельнага» прынцыпу. Падазраваныя выступалі прадстаўнікамі падстаўных кампаній, прымалі на іх рахункі злачынныя сродкі і пераводзілі іх паміж рахункамі іншых фіктыўных структур. Кампаніі размяшчаліся па адрасах віртуальных офісаў, мелі вузкае кола контрагентаў, а транзакцыі насілі транзітны характар без дакументальнага пацвярджэння рэальных здзелак. Агульная сума незаконна перамешчаных сродкаў перавысіла 1 мільён еўра.
Расследаванне было ініцыявана ў лютым 2021 года па заяве Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі Польшчы, які атрымаў ад банка даныя аб падазроных транзакцыях. Усе сямёра падазраваных прызналі віну. Пракурор наклаў арышт на долі ў кампаніях і сродкі на рахунках на агульную суму каля 600 тысяч злотых. Справа накіравана ў Акруговы суд Варшавы.