Палітвязынка Вольга Маёрава знаходзіцца ў дрэнным стане. Яна амаль нічога не бачыць і атрымлівае пагрозы, паведаміла «Радыё Свабода» былая зняволеная жаночай калоніі №24, якая бачылася з Маёравай да свайго вызвалення.
«Яна ў вельмі дрэнным стане. Па-першае, па здароўі, таму што яна вельмі дрэнна бачыць і паступова ў калоніі губляе рэшткі зроку. Ужо амаль не бачыць. Па-другое, як яна кажа, ёй пагражаюць, таму яна сур’ёзна баіцца за сваё жыццё», — распавяла былая зняволеная.
Вольга Маёрава ў 2022 годзе была асуджана па так званай справе Аўтуховіча. Тады ёй было прызначана пакаранне ў 20 гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавачвалі па пяці артыкулах КК. У судзе сваю віну Маёрава не прызнала.
У сакавіку 2024 года яе судзілі па новай крымінальнай справе аб непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі і дадалі яшчэ 1,5 года зняволення. Цяпер яна адбывае тэрмін у калоніі №24 у Зарэччы. З-за статусу «тэрарысткі» ёй не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад сваякоў.
