У Літве расследуюць справу аб экспарце тэхналогій для расійскага ваенпраму. Сярод затрыманых — беларусы

Галоўнае
Фото: fntt.lrv.lt

Служба расследавання фінансавых злачынстваў Літвы (FNTT) у супрацоўніцтве з Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі Літвы (VSD) праводзіць дасудовае расследаванне па справе аб крэдытным махлярстве з боку некалькіх літоўскіх кампаній. Расследаванне арганізавана і кантралюецца Еўрапейскай пракуратурай.

У межах расследавання ўстаноўлена, што грамадзяне Літвы, Беларусі і Расіі, дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, маглі выкарыстоўваць зарэгістраваныя ў Літве кампаніі для атрымання фінансавай падтрымкі ад Еўрапейскага саюза, а вырабленую прадукцыю экспартаваць у Расію і Беларусь, дзе яна магла выкарыстоўвацца ў ваеннай прамысловасці.

Літоўскія кампаніі займаліся вытворчасцю, зборкай і праграмаваннем мікраcхем, чыпаў, навігацыйных сістэм і іншых прылад. Падазраваныя падавалі Агенцтву Еўрапейскай касмічнай праграмы (EUSPA) падробленыя і ўводзячыя ў зман дакументы, каб займець падтрымку ад ЕС. Агульная сума падтрымкі перавысіла 1,06 млн еўра, з якіх больш за 745 тысяч еўра было атрымана ад EUSPA. На дадзены момант кампаніі атрымалі больш за 447 тысяч еўра такога фінансавання.

Як заяўляе FNTT, вырабленая ў Літве прадукцыя, меркавана, вывозілася ў Беларусь і Расію і выкарыстоўвалася ў ваеннай прамысловасці Расіі і Беларусі. У 2025 годзе дзве названыя літоўскія кампаніі былі прызнаныя такімі, што ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы.

«Такім чынам, члены арганізаванай групы, меркавана, дзейнічалі ў інтарэсах Беларусі і Расіі і стваралі рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы і Еўрапейскага саюза. Члены арганізаванай групы — падазраваныя грамадзяне Расіі, Беларусі і Літвы — узаемазвязаныя паміж сабой і ўдзельнічаюць у дзейнасці расійскіх і беларускіх кампаній, у дачыненні да якіх прымяняюцца санкцыі ЕС. Падазраецца, што дадзеныя кампаніі дзейнічаюць у ваеннай прамысловасці Расіі і Беларусі», — лічыць FNTT.

16 снежня FNTT і VSD пачалі сумесную аперацыю пры каардынацыі Еўрапейскай пракуратуры. Было праведзена 10 вобшукаў. Былі затрыманыя падазраваныя — грамадзяне Літвы, Беларусі і Расіі. Праз некалькі дзён быў затрыманы адзін з арганізатараў — грамадзянін Беларусі, які прыбыў у Літву. Падазраваныя мелі дазвол на пражыванне ў Літве.

Абвінавачанні прад’яўленыя шасці членам арганізаванай групы, у тым ліку адной юрыдычнай асобе. Аднаго абвінавачанага змясцілі пад арышт. Яшчэ двое замежных грамадзян знаходзяцца ў вышуку.

Еўрапейская пракуратура заяўляе, што расследаванне вядзецца ў дачыненні да адной літоўскай кампаніі, і паведамляе пра трох затрыманых на мінулым тыдні. Яны звязаныя з кампаніяй, якая са снежня 2023 года рэалізоўвала фінансаваны ЕС праект па вытворчасці прыёмнікаў глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы для патрэб земляробства. Прыёмнікі забяспечваюць высокадакладнае пазіцыянаванне сельскагаспадарчай тэхнікі, дазваляючы ажыццяўляць дакладнае навядзенне і картаграфаванне без неабходнасці выкарыстоўваць лакальную інфраструктуру карэкціруючых сігналаў.

Літоўская кампанія заявіла EUSPA, што не падпадае пад абмежаванні ЕС, але Еўрапейская пракуратура падазрае, што яна мае сувязі з грамадзянамі Беларусі, якія супрацоўнічаюць з падсанкцыйнымі расійскімі і беларускімі ваеннымі прадпрыемствамі.

У красавіку 2022 года ў літоўскай кампаніі змяніўся ўласнік: ад грамадзяніна Беларусі права ўласнасці перайшло члену яго сям’і, які мае грамадзянства Беларусі і ЗША.

Дасудовае расследаванне працягваецца.

У Літве расследуюць справу аб экспарце тэхналогій для расійскага ваенпраму. Сярод затрыманых — беларусы
Фота: fntt.lrv.lt
У Літве расследуюць справу аб экспарце тэхналогій для расійскага ваенпраму. Сярод затрыманых — беларусы
Фота: fntt.lrv.lt

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны