«У лідарах продажаў «Слон» Сашы Філіпенкі і «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха»: беларускія выдаўцы пра ўдзел у Познаньскім кніжным кірмашы

Культура
Прэзентацыя кнігі на Познаньскім кніжным кірмашы. Фота: RozUM Publisher

13-15 сакавіка беларускія выдаўцы ўпершыню супольна паўдзельнічалі ў Познаньскім кніжным кірмашы.

Дзякуючы выдавецтву RozUM Media і мясцовым беларусам-валанцёрам невялічкі супольны стэнд прадставіў каля сотні новых беларускіх кніг, выдадзеных ужо ў эміграцыі. Гэта далёка не поўны набытак беларусаў: выдаўцы самаабмежаваліся, каб не было цесна.

«У лідарах продажаў «Слон» Сашы Філіпенкі і «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха»: беларускія выдаўцы пра ўдзел у Познаньскім кніжным кірмашы
Беларускі стэнд на Познаньскім кніжным кірмашы. Фота: RozUM Publisher

«Актыўнасць польскага кніжнага рынку ўражвае: вялікая колькасьць наведнікаў, жывая цікавасьць, чэргі каля стэндаў. Людзі прыходзілі нават з валізкамі і куплялі кнігі літаральна «гуртам», – разказвае Павел Лягчылаў, заснавальнік выдавецтва RozUM Media, на чые плечы легла адказнасць за арганізацыю на месцы. – Наш стэнд быў адзіным беларускім, таму, безумоўна, прыцягваў увагу. Інтарэс быў і з боку польскай аўдыторыі. Палякаў асабліва цікавяць гістарычныя кнігі, даследаванні, этнаграфія — у тым ліку і на беларускай мове, хоць гэта, натуральна, больш навуковая аўдыторыя.

Беларусаў, на жаль, было значна менш. Але беларускую літаратуру добра заўважылі. Шмат хто зьдзіўляўся, што існуе столькі беларускіх выдавецтваў і столькі кніг. Калі ўдзел у такіх мерапрыемствах стане рэгулярным, гэта дакладна павялічыць пазнавальнасьць».

«У лідарах продажаў «Слон» Сашы Філіпенкі і «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха»: беларускія выдаўцы пра ўдзел у Познаньскім кніжным кірмашы
Беларускі стэнд на Познаньскім кніжным кірмашы. Фота: RozUM Publisher

Найбольш набывалі кнігі выдавецтваў Gutenberg Publisher i Kamunikat.org.

«Мы прадалі каля трыццаці кніжак, у лідарах «Слон» Сашы Філіпенкі і «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха – гэта значыць, беларуская проза. На жаль, продажы ўсё яшчэ не могуць акупіць паўнавартасны ўдзел у такой выставе, дарогу, гатэль для выдаўца, але гэта ўжо вельмі добрая падтрымка, – каментуе вынікі трохдзённага гандлю Валянціна Андрэева, адна з арганізатарак і галоўная рэдактарка Gutenberg Publisher. – Наш лозунг на гэты год – прысутнасць, і будзем шукаць новыя магчымасці ўдзельнічаць у кірмашах па ўсім свеце, бо і беларусы цяпер жывуць па ўсім свеце».

«У лідарах продажаў «Слон» Сашы Філіпенкі і «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха»: беларускія выдаўцы пра ўдзел у Познаньскім кніжным кірмашы
Беларускі стэнд на Познаньскім кніжным кірмашы. Фота: RozUM Publisher

У польскай праграме кірмаша прайшло некалькі беларускіх мерапрыемстваў з удзелам аўтараў: Андрэй Хадановіч чытаў вершы найлепшых польскіх паэтаў, Уладзімір Арлоў расказваў пра асаблівасці новага выдання рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, а Севярын Квяткоўскі, Даря Рак і Антон Бяляеў прэзентавалі свае новыя кнігі.

«У лідарах продажаў «Слон» Сашы Філіпенкі і «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха»: беларускія выдаўцы пра ўдзел у Познаньскім кніжным кірмашы
Прэзентацыя кнігі на Познаньскім кніжным кірмашы. Фота: RozUM Publisher

Выдаўцы сардэчна дзякуюць арганізатарам Познаньскага кніжнага кірмаша за прыязнае стаўленне, дапамогу і разуменне, а таксама ананімнаму фундатару, які аплаціў арэнду стэнда.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.