У Беластоку адбудзецца сустрэча з польскай даследчыцай Даротай Міхалюк, падчас якой можна будзе набыць і падпісаць «забароненую» кнігу пра БНР

Галоўнае
Скрын відэа

1 сакавіка а 18.00 у Беларускім хабе «Новая Зямля» ў Беластоку (ul. św. Rocha 5/32) адбудзецца сустрэча з польскай даследчыцай прафесаркай Даротай Міхалюк. Даследчыца будзе таксама падпісваць сваю кнігу «Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».

Напрыканцы мінулага года Міністэрства інфармацыі дадало гэтую кнігу ў спіс друкаваных выданняў, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Паводле тлумачэння ведамства, змест гэтай кнігі «не адпавядае палажэнням дырэктывы Лукашэнкі аб дзяржаўнай ідэалогіі і можа шкодзіць інтарэсам краіны».

Манаграфія Дароты Міхалюк выйшла па-польску ў выдавецтве Торуньскага ўніверсітэта ў 2010 годзе, а ў перакладзе на беларускую мову — у 2015-м. Фонд Kamunikat.org у мінулым годзе перавыдаў беларускамоўную версію гэтай кнігі ў Беластоку.

У Беластоку адбудзецца сустрэча з польскай даследчыцай Даротай Міхалюк, падчас якой можна будзе набыць і падпісаць «забароненую» кнігу пра БНР
Пераклад кнігі Дароты Міхалюк, выдадзены Фондам Kamunikat.org у 2025 годзе.

У інтэрв’ю фонду Kamunikat.org. Дарота Міхалюк патлумачыла, што яе здзівіла рашэнне беларускіх уладаў: навуковая праца была выдадзеная шмат гадоў таму.

Яна грунтуецца на вельмі шырокіх архіўных пошуках, праведзеных таксама ў беларускіх архівах. Падчас збору матэрыялаў даследчыца не сутыкнулася з ніякімі перашкодамі — архівы былі адкрытыя і даступныя для замежных навукоўцаў без абмежаванняў.

У Беластоку адбудзецца сустрэча з польскай даследчыцай Даротай Міхалюк, падчас якой можна будзе набыць і падпісаць «забароненую» кнігу пра БНР
Кніга Дароты Міхалюк, выдадзеная ў Смаленску ў 2025 годзе.

Працуючы над кнігай, аўтарка імкнулася захаваць максімальную аб’ектыўнасць, асвятліць праблему з розных бакоў.

У Беластоку адбудзецца сустрэча з польскай даследчыцай Даротай Міхалюк, падчас якой можна будзе набыць і падпісаць «забароненую» кнігу пра БНР
Торуньскае арыгінальнае выданне Дароты Міхалюк.

«Беларускія гісторыкі ўжо цікавіліся гэтай праблематыкай. Аднак ніхто з іх не адважыўся на ўсебаковае даследаванне. У Польшчы, калі і цікавіліся гісторыяй Беларусі таго перыяду, то пераважна ў кантэксце польска-беларускіх адносін. Мяне ж зацікавіла спроба будавання дзяржаўнасці пасля Першай сусветнай вайны і прычыны няўдачы гэтага незалежніцкага праекта. Я падыходзіла да тэмы бесстаронне, імкнучыся растлумачыць прычыны, наступствы і механізмы розных працэсаў і дзеянняў. Манаграфія адразу набыла шмат чытачоў, а рэцэнзіі з’явіліся ў навуковых часопісах у Польшчы, Літве, Беларусі, Расіі неўзабаве пасля выдання па-польску», – сказала аўтарка ў інтэрв’ю.

Таксама яна пракаментавала забарону з пункту гледжання польскага навукоўца: «Я рада, што ў Польшчы мы можам працаваць ва ўмовах свабоды даследаванняў, бо для навукоўца няма нічога горшага, чым уплыў на яго высновы або неабходнасць падладжвацца пад палітычную ідэалогію. Патронам універсітэта ў Торуні, дзе я маю гонар працаваць, з’яўляецца Мікалай Капернік. Нагадаю, што яго навуковая праца «Аб абарачэннях нябесных сфер» таксама трапіла ў Індэкс забароненых кніг, але вядома, чым скончылася гэтае цэнзураванне навукі. Можна спрабаваць хаваць пэўныя даследчыя тэмы, абмяжоўваць доступ да крыніц, але гэта не мае вялікага сэнсу, бо мінулае нельга забараніць, а навуку — пакараць».

Дарота Міхалюк — даследчыца гісторыі Беларусі, Усходняй Еўропы і нацыянальных рухаў. Яна працуе на факультэце гістарычных навук Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні і з’яўляецца аўтаркай дзясяткаў артыкулаў, манаграфій і навуковых праектаў. 600-старонкавая манаграфія «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» была адначасова доктарскай дысертацыяй Дароты Міхалюк. Дарэчы, яе род паходзіць з Падляшша, але лінія дзеда з боку маці — з Пружаншчыны, дзяды воляй лёсу ў 1940-я апынуліся па заходні бок новай мяжы.

Замовіць беларускамоўнае выданне можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны