Савет міністраў прыняў пастанову №256 ад 23 мая “Аб забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту і парадку конкурснага адбору і рэалізацыі асобных праектаў і работ, якія фінансуюцца за кошт бюджэтных сродкаў”. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У адпаведнасці з ім тэхналагічны суверэнітэт вызначаецца магчымасцю Рэспублікі Беларусь валодаць для забеспячэння нацыянальнай бяспекі і канкурэнтаздольнасці эканомікі крытычнымі тэхналогіямі і крытычнымі таварамі.
Ён забяспечваецца ў наступных формах:
- даследаванне, распрацоўка, асваенне, укараненне ў вытворчасць і (або) мадэрнізацыя крытычных тэхналогій і крытычных тавараў, уключаных у пералік крытычных тэхналогій і крытычных тавараў, які вызначаецца Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях;
- атрыманне крытычных тэхналогій ад эканомік іншых краін без аднабаковай структурнай залежнасці;
- стварэнне і мадэрнізацыя вытворчасцей крытычных тавараў.
Урадам таксама вызначаныя крытэрыі адбору тэхналогій і тавараў:
- імпартазамяшчальная накіраванасць;
- значнасць для рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця;
- тэхнічная і эканамічная выканальнасць у кароткатэрміновым перыядзе.
Дзяржорганы і выканкамы ў межах сваіх кампетэнцый павінны каардынаваць даследаванне, распрацоўку, асваенне, укараненне ў вытворчасць і мадэрнізацыю крытычных тэхналогій і крытычных тавараў, стварэнне і мадэрнізацыю вытворчасцей крытычных тавараў. Яны таксама абавязаныя ўключаць адпаведныя праекты ў розныя дзяржаўныя праграмы.
Дзяржаўнаму камітэту па навуцы і тэхналогіях даручана стварыць Міжведамасны савет па забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту. Ён будзе разглядаць прапановы аб уключэнні тэхналогій і тавараў у пералік.
Пастановай таксама зацверджана палажэнне аб парадку конкурснага адбору і рэалізацыі праектаў і работ, якія фінансуюцца
за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду.