У Беларусі вызвалілі грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі, паведамляе CGTN America.
Нагадаем, 17 сакавіка 2025 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (21 тысяча рублёў). Яго прызналі вінаватым паводле артыкула аб агентурнай дзейнасці (арт. 358-1 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Паводле версіі абвінавачання, Наканісі Масатосі ажыццяўляў агентурную дзейнасць з 2018 года па 2024 год, супрацоўнічаючы са спецыяльнай службай, органам бяспекі і разведвальным органам замежнай дзяржавы.
Раней Масатосі выкладаў японскую мову ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Яго затрымалі ў ліпені 2024 года, але пра гэта стала вядома толькі 4 верасня.
На дзяржаўным тэлебачанні сцвярджалася, што ён нібыта збіраў інфармацыю пра сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі, рэалізацыю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях», сітуацыю на беларусска-ўкраінскай мяжы і вёў здымкі ваеннай інфраструктуры. У МЗС Беларусі заяўлялі, што не адмаўляюцца ад кантактаў з Токіа па справе затрыманага грамадзяніна Японіі.
Reform.news аналізаваў сюжэт пра японскага «шпіёна» на беларускім тэлебачанні. Аказалася, што КДБ і БТ маніпулявалі фактамі.