У BBC адхілілі рашэнне прызнаць сайт «экстрэмісцкім»: Застаемся прыхільнымі нашай аўдыторыі ў Беларусі

Галоўнае
Скриншот сайта bbc.com

Прэс-служба Бі-бі-сі распаўсюдзіла заяву ў сувязі з уключэннем рускай службы рэсурсу ў спіс “экстрэмісцкіх” матэрыялаў у Беларусі.

«Мы адхіляем гэты крок беларускіх уладаў, які закліканы крыміналізаваць нашу незалежную журналістыку. Мы глыбока занепакоеныя тымі наступствамі, якія ўключэнне Рускай службы Бі-бі-сі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў можа мець для сотняў тысяч жыхароў Беларусі, якія кожны тыдзень звяртаюцца да Бі-бі-сі ў пошуках такой неабходнай ім дакладнай і бесстаронняй інфармацыі. Бі-бі-сі з’яўляецца самай дакладнай крыніцай міжнародных навін у свеце, і мы застаемся прыхільнымі нашай аўдыторыі ў Беларусі», — падкрэслілі ў карпарацыі.

Нагадаем, днямі паведамлялася, што Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла сайт bbc.com у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на падставе рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва.

«Інфармацыйная прадукцыя: Інтэрнэт-сайт з назвай BBC NEWS РУССКАЯ СЛУЖБА» з ідэнтыфікатарам https://bbc.com», — гаворыцца ў спісе.

Пры гэтым пакуль не ясна, ідзе гаворка пра ўвесь кантэнт карпарацыі або канкрэтна пра матэрыялы Рускай службы Бі-бі-сі.

Кіраўнік прававога цэнтра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў растлумачыў, што пад адміністрацыйную адказнасць можа падпадаць як кантэнт Рускай службы, так і ўвесь сайт bbc.com. На гэта звярнуў увагу і праваабарончы цэнтр «Вясна»: паколькі Руская служба знаходзіцца па адрасе bbc.com/russian, уключэнне bbc.com у спіс фактычна азначае прызнанне экстрэмісцкім усяго сайта Бі-бі-сі.

Нагадаем, у абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца ў Беларусі для барацьбы з апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.