Трамп выказаўся ў падтрымку Пашыняна на будучых выбарах

Навіны
Фото: пресс-служба Белого дома

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў допіс у падтрымку прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна.

“Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, мой вялікі сябар і лідар, робіць сваю краіну моцнай, багатай і вельмі бяспечнай! Нікол цалкам падзяляе маё бачанне МІРУ і РОСКВІТУ для Арменіі і ўсяго Паўднёва-Каўказскага рэгіёна. Наш дзяржсакратар Марка Рубіа толькі што наведаў Арменію, дзе ён прасунуў некалькі важных здзелак для абедзвюх нашых краін. Неўзабаве Злучаныя Штаты і Арменія разам пачнуць рух па «маршруце Трампа» за міжнародны мір і росквіт, які пераўтворыць Паўднёвы Каўказ і дапаможа нашым выдатным амерыканскім энергетычным кампаніям атрымаць доступ з Цэнтральнай Азіі аж да Злучаных Штатаў”, – напісаў ён у Truth Social.

Нагадаем, на гэтым тыдні ў Ерэване было падпісана пагадненне аб маршруце Трампа. У ім апісваюцца ўмовы стварэння TRIPP Development Company (TDC), сумеснага прадпрыемства ЗША і Арменіі для рэалізацыі праекта. Таксама былі падпісаныя Хартыя аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж Рэспублікай Арменія і Злучанымі Штатамі і Рамачнае пагадненне аб крытычна важных мінералах і рэдказямельных элементах.

Паводле слоў Трампа, па гэтых прычынах ён падтрымлівае Пашыняна на будучых у Арменіі парламенцкіх выбарах.

“Па гэтых прычынах Нікол карыстаецца маёй ПОЎНАЙ і БЯЗМЕЖНАЙ падтрымкай на пераабранне 7 чэрвеня 2026 года. З дапамогай Нікола мы ўзнімем Злучаныя Штаты, Арменію, Паўднёвы Каўказ і Цэнтральную Азію на нябачаныя раней вышыні. Зробім (Арменію) зноў вялікай — MAGA!” – дадаў ён.

Трэба адзначыць, што пакуль публічная падтрымка Трампам замежных лідараў на выбарах далёка не заўсёды была звязаная з іх перамогай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.