Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даручыў сваім памочнікам падрыхтавацца да працяглай блакады Ірана. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў. Трамп разлічвае прымусіць Тэгеран капітуляваць у пытанні ядзернай праграмы.
Паводле інфармацыі крыніц выдання, на апошніх сустрэчах прэзідэнт ЗША вырашыў працягваць блакаду Ірана, перашкаджаючы заходу суднаў у парты краіны. Пры гэтым адзначаецца, што іншыя варыянты — аднаўленне бамбардзіровак або выхад з канфлікту — нясуць большую рызыку, чым захаванне блакады.
Мяркуючы па свежым допісе Трампа ў сетцы Truth Social, ён разлічвае, што далейшая блакада прывядзе да эканамічнага краху Ірана, а дзяржаўныя інстытуты апынуцца на мяжы распаду.
“Іран толькі што паведаміў нам, што знаходзіцца ў стане «краху». Яны хочуць, каб мы як мага хутчэй «адкрылі Армузскі праліў», пакуль яны спрабуюць разабрацца са сваёй сітуацыяй з кіраўніцтвам (і я веру, што ім гэта ўдасца!)” – напісаў ён.
