Траўма, мяжа і любоў у кнізе пра суседзяў «Іду да вас, людзі» ад выдавецтва «Пфляўмбаўм»

Артыкулы

У анталогію «Іду да вас, людзі» ўвайшлі эсэ васямнаццаці сучасных беларускіх аўтарак пра суседзяў.

Пра суседзяў «у шырокім і вузкім сэнсе» – удакладняе анатацыя. У шырокім – пра суседзяў беларусаў, у вузкім – пра ўласных, – так гучала тэхнічнае заданне да будучых удзельнікаў анталогіі. Укладальніцай і рэдактаркай кнігі з’яўляецца галоўная рэдактарка выдавецтва «Пфляўмбаўм» Алена Казлова.

У межах адмысловага праекта з выдавецтвам «Пфляўмбаўм» прыглядаемся да нядаўна выдадзеных імі кніг.

***

Ад тэкстаў пра суседзяў чакаеш антрапалагічных назіранняў, псіхалінгвістычных даследаванняў ці прынамсі геаграфічных апісанняў, аднак у беларускіх аўтарак – выштурхнутых, выціснутых за межы краіны ці занураных у свой герметычны рэтрыт-гародчык унутры яе – размова пайшла пра выбудоўванне межаў рознага кшталту, пра пошук, знаходжанне ці страту сябе ў новых сістэмах каардынат.

Парадокс кнігі ў тым, што ледзьве не ўсе тэксты нагадваюць дзённікі. Жанчыны пачынаюць пісаць пра суседзяў, а ў выніку вывучаюць свае адбіткі ў чужых люстэрках.

Траўма, мяжа і любоў у кнізе пра суседзяў «Іду да вас, людзі» ад выдавецтва «Пфляўмбаўм»

Хто яны, суседзі?

Самае няпэўнае і складанае ў гэтых тэкстах: вызначыць, каго мы называем сваімі суседзямі, і хто яны насамрэч?

Напрыклад, калі суседзі па камеры становяцца часткай агульнага пражывання, не заўсёды сябрамі, хаця бывае і так, хто яны цяпер? Калі пазнаеш сваіх па асаблівай паслятурэмнай інтанацыі? Хто яны? Суседзі ў прасторы агульнай мовы і жэстаў? Усё ператасавала тое лета, перакуліла, ператварыла суседзяў у аднамоўцаў. Ці наадварот…

Суседзі-наглядчыкі, суседзі-неабыякавыя, суседзі з ружовым туманам у вачах. Гэта яшчэ адзін рэгістр класіфікацыі суседства ў Беларусі. А ёсць яшчэ жыхары дзедаўскай вёскі ці насельнікі квартала, які ў 2020-м спаяўся ў адно салідарнае цэлае, ці свае людзі, якіх пазнаеш у беларускіх гарадах цяпер толькі па вачах.

Ну і канешне тыя, да якіх мы прыехалі, – палякі, немцы, украінцы, літоўцы, латышы, аўстрыйцы і нават – аргенцінцы. Мы хто ім? Прышлыя, трывожна незнаёмыя, добрыя ці дрэнныя суседзі? Хто мы для іх і як бачым сябе ўнутры іх краін?

Чаму на слова «суседзі» людзі адгукнуліся ўласнымі траўмамі? Развагамі пра страту месцаў сілы і іх пошукам у чужым хаосе?

Мяжа як частка галюцынацый

Суседзі заўсёды аддзяляюцца межамі – кватэры, дома, краіны. Яшчэ адзін архетып, які актуалізаваўся апошнім часам. Мяжа – «высокаадаптатыўная структура, якая мяняецца ў залежнасці ад палітычных вятроў», – дае вызначэнне адна з аўтарак. Напрыклад, на нашых землях пасля Другой сусветнай мяжа фатальна адразала суседнія вёскі і родавыя могілкі, і аўтарка з Брэста Ксенія Май спрабуе крок за крокам аднавіць страчанае адчуванне малой радзімы.

Іншая аўтарка цытуе нейрабіёлагаў: «Мяжа – частка агульнавідавых чалавечых галюцынацый». Размова пра межы – часта сустракаецца і вырастае таксама з нашай траўмы, угрунтаванай у гісторыі. Хоць і па-за досведам траўмы важна праводзіць межы, каб апынуцца ў бяспецы. Гэта і агароджа ўласнага сада, і дзяржаўная мяжа – нешта фізічнае, але і ментальнае. У эмігрантаў, якія не могуць вярнуцца, слова «суседзі» з’яўляецца трыгерам, каб адразу адчуць мяжу паміж далучанасцю і адчужанасцю, прыняццем і страхам адмовы.

Траўма, мяжа і любоў у кнізе пра суседзяў «Іду да вас, людзі» ад выдавецтва «Пфляўмбаўм»

Краіны-люстэркі

Погляд на нас збоку часта трывожыць. Мы кепскія суседзі, напрыклад, для ўкраінцаў, і Юля Арцёмава, хаваючыся ў кіеўскім бамбасховішчы, з пакорай чакае папрокаў. Ці для літоўцаў, бо не перамаглі, сцвярджае Наста Захарэвіч. А можа, гэта толькі здаецца і гэта толькі пакуты ўнутранай няўпэўненасці, а насамрэч усё не так?

Ганна Янкута адчувае «бязмежную геапалітычную самоту», праглядаючы ў Любліне на Літоўскім пляцы ролік пра Люблінскую унію 1569 года, дзе не згадваюць беларусаў. Як ад пазбавіцца ад гэтай самоты? Ведаць, захоўваць і адстойваць памяць.

«Я ведаю навокал так падрабязна, што гэта веда ўжо роўная любві», – піша Югася Каляда пра нашых паўночных суседзяў. Хіба гэта не рэцэпт, каб мець добрыя стасункі? Знайсці прыгажосць у прапанаваных абставінах, – хіба гэта не шлях паспяховай адаптацыі, разважае іншая аўтарка Марыя Лапо.

А Зараслава Камінская зразумела ў далёкай Аргентыне, якую важную ролю ў адаптацыі адыгрываюць павярхоўныя сацыяльныя кантакты. «Аргентына можа навучыць быць добрай суседкай», – канстатуе аўтарка.

Як стаць сваім – не суседам, а жыхаром новай краіны, як тая жанчына з Данеччыны, якая нібыта і ўкраінка, але ніколі не будзе сваёй у Львове? Вечнае і траўматычнае эмігранцкае пытанне.

У Львове яно паўстае вастрэй, чым у Франкфурце-на-Одэры, бо ва Украіне беларуса не адпускае адчуванне віны, а ў Германіі не адпускае толькі родны горад. Таму у эмігрантаў – свая асаблівая радзіма «дзесьці на мяжы паміж былым і будучым».

Траўма, мяжа і любоў у кнізе пра суседзяў «Іду да вас, людзі» ад выдавецтва «Пфляўмбаўм»

Унутры сцен

«Нам выпала жыць у часы перамен», – пачынаецца наступны тэкст пасля гэтай фразы. Правяраеш структуру кнігі – ды не, эсэ размеркаваны паводле алфавіту, ніхто іх адмыслова не кампанаваў. Іх яднае няўлоўнае рэха: з аднаго тэксту яно далятае да іншага, і мы адчуваем яго дзесьці на ніжніх рэгістрах.

Каардынаты зрушаныя не толькі ў эмігрантаў, частка аўтарак падпісаныя псеўданімамі, яны застаюцца ў Беларусі, але з большай рызыкай праваліцца ходзяць па той жа мяжы-расколіне.

А таму мусяць практыкаваць самацэнзуру. Вырашаюць распавесці пра сваіх блізкіх суседзяў і разумеюць, што гэта немагчыма, бо небяспечна раскрыць, як было насамрэч.

Унутры Беларусі ў аўтарак з’яўляецца адчуванне таго, што «вялікі свет» адгарадзіўся высокай сцяной. А да суседзяў варта ставіцца з насцярогай: побач можа жыць мент ці неабыякавы грамадзянін. І тады даглядаць сад каля дома чалавека, які з’ехаў па палітычных прычынах, будзе няпроста, бо могуць зблытаць з гаспадыняй.

Як мы будзем жыць з тымі суседзямі, хто пісаў даносы, хто саджаў, хто судзіў? Юлія Чарняўская піша эсэ пад назвай «За што ты мяне пасадзіў?» пра карпаратыўнае суседства ў доме, дзе жывуць пісьменнікі. Дзе паважаны жыхар, парушаючы няпісанае правіла вымушанай тоеснасці, запатрабаваў адказу ад даносчыка. Што будзе з такімі пытаннямі тады, калі «мы пераступім з чорнай шахматнай клеткі на белую»?

Траўма, мяжа і любоў у кнізе пра суседзяў «Іду да вас, людзі» ад выдавецтва «Пфляўмбаўм»

Свет – вялікая вёска

Як паводзяць сабе суседзі, калі свет вялікая вёска, гэтак жа як жыхары шматкватэрнага дома, калі на паверсе сусед-дэбашыр тэрарызуе сям’ю? Яны гэтак жа маўчаць ці пачынаюць дзейнічаць? Пытанні задаюцца і застаюцца без адказу (а часам лепш і не чуць таго адказу), свет стаў складаны і неадназначны, у ім усё дашчэнту перакулілася.

Хіба што можна заапеквацца непрытульным ураджэнцам краіны, гэткім жа бяспраўным і адзінокім. «Гэндальф» Міланы Лявіцкай менавіта такая гісторыя – пра немца, які аказаўся ў Германіі нікому не патрэбным і знайшоў падтрымку ў такога ж самотнага мігранта.

Ці шукаць апірышча ў той жа краіне сярод мясцовых «свабодных жанчын з непакрытай галавой», але знайсці яго сярод жанчын у хіджабах, якія ніколі не мелі прывілею гаварыць і быць пачутымі, як яшчэ адна аўтарка Таццяна Арцімовіч.

Траўма, мяжа і любоў у кнізе пра суседзяў «Іду да вас, людзі» ад выдавецтва «Пфляўмбаўм»

«З вамі нястрашна. Дзякуй»

Сэнсавыя кантэксты суседства сёння грунтоўна змясціліся і парадаксальна пашырыліся. Чаму сведчаннем паходжанне назвы зборніка. Фраза «Іду да вас, людзі!» узятае з эсэ Евы Вежнавец, змешчанага замест уступнага слова. У ім яна піша пра ўрокі жыцця, пра тое, як цяжка было зразумець і складана прыйсці да асэнсавання, што суседзі (напрыклад, па планеце Зямля) такія ж уразлівыя, як і ты. І як важна ад нелюбові прыйсці да разумення.

Сімптаматычна, што зборнік пра суседзяў пачаўся ад выказвання нежадання пісаць пра іх, а фраза, вынесеная ў загаловак, напачатку звязвалася з кепскімі асацыяцыямі. Аднак жыццё прымушае суседзяў калі не палюбіць, то навучыцца «варыцца разам зь імі», падтрымліваючы прастору, дыстанцыю і беражлівую добразычлівасць.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.