У Слуцку 18-гадовага навучэнца каледжа прысудзілі да 2,5 года «хіміі» за катаванне свайго суседа па інтэрнаце, паведамляе пракуратура Мінскай вобласці.
Паводле матэрыялаў справы, у верасні 2025 года абвінавачаны наўмысна збіў 16-гадовага падлетка, які жыў з ім у адным пакоі.
Старшакурснік штурхнуў падлетка на ложак, скаваў яму рукі за спіной кайданкамі і заклеіў рот ізастужкай. Утрымліваючы суседа ў такім становішчы, абвінавачаны двойчы стрэліў яму па нагах пластыкавымі кулямі з пісталета, вонкава падобнага да пнеўматычнага. Пасля гэтага ён надзеў баксёрскія пальчаткі і некалькі разоў ударыў пацярпелага, у тым ліку ў жывот і па твары.
Аднакурснік абвінавачанага здымаў тое, што адбывалася, на відэа і пасля выклаў яго ў інтэрнэт.
Была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле аб катаванні ў дачыненні да непаўналетняга (ч. 2 арт. 154 КК). Абвінавачаны прызнаў віну ў судзе. Яго прысудзілі да 2,5 года «хіміі» і штрафу ў 60 базавых велічынь (2700 рублёў). Таксама ён павінен выплаціць пацярпеламу 2000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.
