СК скончыў расследаванне ранення супрацоўніка міліцыі ў Беразіне

Навіны
Фото: Генпрокуратура

Следчы камітэт скончыў расследаванне інцыдэнту з атрыманнем ранення супрацоўнікам міліцыі ў Беразіне.

У лістападзе мінулага года паведамлялася, што мужчына нанёс супрацоўніку міліцыі некалькі ўдараў нажом і схаваўся ў лесапаласе. Яго выявілі на наступны дзень. Мужчына зноў спрабаваў аказаць супраціўленне. Тады паведамлялася, што першапачаткова нарад міліцыі выбыў па паведамленні і “заўважыў на вуліцы чалавека, падобнага па прыкметах да падазраванага”.

Як вынікае з сённяшняга прэс-рэлізу СК, нарад міліцыі выбыў мэтанакіравана, каб затрымаць менавіта гэтага 47-гадовага мужчыну.

“Напярэдадні здарэння фігурант пакінуў на ганку будынка Бярэзінскага РАУС абразлівае «пасланне», адрасаванае супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Устанавіўшы асобу правапарушальніка, для яго дастаўлення ў аддзел унутраных спраў быў накіраваны нарад міліцыі. Супрацьдзейнічаючы затрыманню, мужчына праявіў крайнюю агрэсію і раптоўна напаў на супрацоўніка міліцыі з нажом, пасля чаго схаваўся ў бліжэйшым лясным масіве”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пацярпелага даставілі ў шпіталь, дзе яму спатрэбілася працяглае лячэнне.

Падазраванага выявілі на наступны дзень, ён зноў аказаў супраціўленне і спрабаваў напасці з нажом на міліцыянераў, якія ўжылі агнястрэльную зброю.

“У рамках папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што жыхар Беразіна на працягу доўгага часу на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы размяшчаў матэрыялы экстрэмісцкага характару, тым самым падрываючы аўтарытэт дзяржаўнай улады і дыскрэдытуючы супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Атрыманая інфармацыя, што на працягу апошніх 20 гадоў мужчына нідзе афіцыйна не працаўладкаваны, толькі атрымліваў дапамогі ад дзяржавы па доглядзе за сваяком”, — гаворыцца ў паведамленні.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.