Сям’ю Корсакавых з Мінска судзілі паводле артыкулаў аб здрадзе дзяржаве. Прысуд вынес 10 чэрвеня Мінскі гарадскі суд. Пелагея Корсакава атрымала 11 гадоў пазбаўлення волі завочна, а яе бацькі, Таццяна Корсакава і Дзмітрый Корсакаў, — 12 і 14 гадоў адпаведна. Таксама ім прызначаны штраф у памеры 50 тысяч рублёў, піша «Салідарнасць».
27-гадовая Пелагея жыве ва Украіне з 2021 года. Яна працуе графічным дызайнерам, а таксама з’яўляецца каардынатаркай валанцёраў хуткага рэагавання на месцы прылётаў. Валанцёры дапамагаюць людзям пасля ракетных абстрэлаў.
Бацькі Пелагеі, 57-гадовая Таццяна і 56-гадовы Дзмітрый, працавалі ў дзіцячым садку. Іх затрымалі ў верасні 2025 года.
«У верасні мінулага года, 26 чысла, мне патэлефанаваў тата і вымавіў страшны тэкст: „Мяне затрымалі, мама трапіла з інсультам у бальніцу, прыязджай, усё вельмі дрэнна“. Пасля слухаўку ўзяў нехта, хто не прадставіўся, і працягнуў: „Вашы бацькі затрыманыя, калі вы хочаце, каб мы іх адпусцілі, вы павінны прыехаць“», — расказала Пелагея пра затрыманне. Пазней стала вядома, што яе маці насамрэч не трапляла ў бальніцу.
Бацькоў абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў). Пелагею прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).
Дзяўчына называе абвінавачанні абсурднымі.
«Якая зброя, якая здрада дзяржаве! Адзінае наша „злачынства“ ў тым, што я знаходжуся ва Украіне, і мы не гублялі сувязь, стэлефаноўваліся. А яшчэ бацькі за мяне перажывалі. На падставе гэтага, атрымліваецца, службы развілі сваю бурную фантазію», — расказала яна.