Што адбываецца з палітвязнямі, вызваленымі і вывезенымі з Беларусі ў снежні

Галоўнае
Фото: ОПК

Прадстаўнікі дэмсіл, праваабарончых і валанцёрскіх арганізацый на прэс-канферэнцыі ў Варшаве расказалі, што адбываецца праз месяц пасля вызвалення і дэпартацыі 123 беларускіх палітвязняў, якія былі вывезены з Беларусі ў снежні. Былыя палітвязні атрымалі першую дапамогу, а таксама змаглі часова ўладкавацца ў краінах, якія іх прынялі. Ім яшчэ трэба вырашыць пытанні легалізацыі, уз’яднацца з сем’ямі, паправіць здароўе, а таксама пачаць рэсацыялізацыю ў новай краіне.

Марына Касінерава (DissidentBY) падкрэсліла, што, вывозячы вызваленых за мяжу, Лукашэнка парушыў іх базавыя правы.

“Людзі не могуць рэалізоўваць свае базавыя правы, напрыклад, на харчаванне, на медыцыну, банальнае знаходжанне ў сваёй краіне. Другі пункт, што людзей вывезлі на тэрыторыю Украіны, дзе ідуць баявыя дзеянні. Гэта вельмі моцна ўплывае на іх фізічнае і псіхічнае здароўе. І ўсе гэтыя дзеянні і парушэнні правоў можна назваць злачынствам супраць чалавечнасці з боку рэжыму Лукашэнкі, бо, як мы ведаем, шмат людзей не планавалі выязджаць з краіны і шмат каго пазбавілі дакументаў, былі разарваныя і сацыяльныя, і сямейныя сувязі. Гэта яшчэ вялікае пытанне, як людзі будуць далей уз’ядноўвацца з сям’ёй”, — адзначыла яна.

Першая дапамога

Беларускія палітвязні ў снежні былі вывезены ва Украіну, а затым пераехалі ў Польшчу і Літву. Пры сустрэчы там ім была аказаная першая дапамога, якая ўключала адзенне, сродкі гігіены, прадастаўленне пражывання і г.д.

Толькі са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду на прыём больш як сотні палітвязняў ужо выдаткавана 211 615 еўра. Як паведамілі на прэс-канферэнцыі, на харчаванне пайшло 66 199 еўра, на жыллё — 60 862 еўра, на адзенне — 37 619 еўра, на тэхніку — 13 867 еўра, на сродкі гігіены — 10 470 еўра, на вітаміны і базавыя лекі — 5625 еўра, на матдапамогу — 8070 еўра, іншыя выдаткі склалі 8903 еўра.

Мы бачым, колькі сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду было выдаткавана за адзін месяц. Гэта сума без уліку ўкладу Freedom House, асабістага ўкладу Паўла Латушкі, укладу валанцёраў, BYSOL, Беларускага дома правоў чалавека, «Вясны», Libereco. У гэтых арганізацый ёсць свае рэсурсы — фінансавыя і чалавечыя“, — падкрэсліла прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.

Як расказаў намеснік старшыні АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка, у Польшчы 83 былыя палітвязні ўжо падалі заявы аб наданні міжнароднай абароны. Латушка падзякаваў прадстаўнікам польскіх дзяржаўных органаў за садзейнічанне ў гэтым пытанні. Цяпер беларускія дэмсілы і праваабаронцы просяць польскі бок паскорыць працэдуру легалізацыі. Сёння ў Польшчы органы, якія разглядаюць пытанні легалізацыі замежнікаў, перагружаныя. Прыняцце рашэнняў займае шмат часу.

“Мы ведаем з вамі, што вялікая колькасць грамадзян Украіны і грамадзян Беларусі — гэта асноўныя групы — падаюць дакументы на легалізацыю на тэрыторыі Польшчы, і адпаведныя ўстановы абцяжараныя вялікай колькасцю заяў. Але мы звяртаемся да польскіх уладаў з вялікай просьбай паскорыць вырашэнне пытання легалізацыі вызваленых палітвязняў на тэрыторыі Польшчы. Гэта вельмі важна з пункту гледжання іх сацыялізацыі, магчымасці атрымаць доступ да рынку працы. І гэта таксама вельмі важна з пункту гледжання таго фінансавага цяжару, які нясуць нашы праваабарончыя арганізацыі, усе, хто нам дапамагае, простыя беларусы, бо за гэты час трэба, канечне, усіх утрымліваць, забяспечваць пражыванне, харчаванне, вырашаць бытавыя пытанні”, — патлумачыў Павел Латушка.

Таксама вырашаецца пытанне візаў для сем’яў, сваякоў і блізкіх палітвязняў. З польскім МЗС ёсць дамоўленасць аб прадастаўленні адпаведных спісаў. Гаворка ідзе пра нацыянальныя візы ў межах уз’яднання сем’яў, а таксама пра шэнгенскія візы для тых, хто хацеў бы наведваць блізкіх, якія не па сваёй волі апынуліся за мяжой.

Большая частка палітвязняў, якія прыехалі ў Літву, выбралі шляхі легалізацыі, не звязаныя з міжнароднай абаронай, паведаміў праектны дырэктар Freedom House Віціс Юрконіс.

“Большасць з палітвязняў, якія прыехалі ў Літву, падаваліся на нацыянальныя візы або на так званы гуманітарны ВНЖ, не пайшлі шляхам палітычнага прытулку і міжнароднай абароны”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, многія палітвязні ўжо атрымалі легалізацыю.

“Складаней з тымі, хто не мае пашпартоў, але ў Літве ВНЖ па гуманітарных падставах выдаецца на працягу 3–4 месяцаў, і тыя, хто не мае дакументаў, могуць атрымаць пашпарт замежніка”, — дадаў Юрконіс.

Візавыя пытанні таксама вырашаюцца. Паводле слоў Юрконіса, нават тыя, хто прыехаў у Літву ў снежні, ужо змаглі сустрэцца са сваякамі, якія атрымалі шэнгенскія візы на гуманітарных падставах.

Што далей?

Каардынатарка ініцыятывы Volnyja Вераніка Станкевіч расказала, што цяпер будзе вырашацца пытанне з пастаянным пражываннем.

“Цяпер уся група пражывае ў гатэлі, за выключэннем тых людзей, хто ўжо з’ехаў да родных. Частка людзей, якія засталіся ў Варшаве, таксама ўжо жывуць у шэлтарах. І да 20 студзеня ўся група будзе расселеная па асобным жыллі, якое таксама будзе кампенсавацца са сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду”, — сказала яна.

Паводле яе слоў, ва ўсіх вызваленых ёсць ментары, якія дапамагаюць з адаптацыяй і сацыялізацыяй. Праца ідзе ў групах. Таксама пачынаецца праграма па аказанні медыцынскай дапамогі і рэабілітацыі. Частка былых палітвязняў ужо змагла скарыстацца паслугамі стаматалогіі, але асноўныя абследаванні і лячэнне пачнуцца цяпер. Акрамя таго, для вызваленых ужо арганізуюцца моўныя курсы. У далейшым ім будзе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні.

У ходзе прэс-канферэнцыі яе ўдзельнікі таксама падкрэслілі, што праблема падтрымкі былых палітвязняў значна шырэйшая. Побач з тымі, каго вывезлі з Беларусі, ёсць яшчэ і былыя палітвязні, якія адбылі свае тэрміны, але потым па розных прычынах самастойна выехалі з краіны. Толькі ў Літву прыбыло каля 300 чалавек. Яны таксама маюць патрэбу ў падтрымцы.

У арганізацыю дапамогі беларускім палітвязням было ўцягнута мноства структур: Volnyja, фонд “Краіна для жыцця”, Dissidentby, INeedHelp.by, BYSOL, Freedom House, BCB, Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК, Валанцёр_кі, НАУ, валанцёрская служба «Вясны», прадстаўніцтва дэмсіл у Кіеве, Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс Святланы Ціханоўскай, Цэнтр беларускай салідарнасці, Беларускі дом правоў чалавека, «Партызанка», «Дапамога», Полк Каліноўскага, Асацыяцыя былых палітвязняў «Да Волі», Association of Political Prisoners of Belarus, Białoruski Związek Solidarności, Беларускі ПЭН, Літоўскі Чырвоны Крыж.

Што адбываецца з палітвязнямі, вызваленымі і вывезенымі з Беларусі ў снежні
Фота: АПК
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны