Лукашэнка знайшоў пасярэдніка для гандлю з Паўночнай Карэяй

Навіны
Фото: Пул первого

Аляксандр Лукашэнка хоча, каб Прыморскі край Расіі выступаў пасярэднікам у гандлі з Паўночнай Карэяй. Пра гэта ён заявіў, прымаючы губернатара расійскага рэгіёна Алега Кажамяку.

«Я зусім нядаўна быў у КНДР. Ведаеце, на мяне кіраўнік зрабіў вельмі сур’ёзнае ўражанне. Разумнік! Малады чалавек, перспектыўны, нацэлены на супрацоўніцтва. Ніякі ён там не дыктатар і іншае. Ён па сутнасці не можа быць дыктатарам. Гэта значыць, у нас завязаліся добрыя адносіны. І мы, Алег Мікалаевіч, вельмі на вас разлічваем, што вы акажыце нам пасярэдніцкія паслугі, як калісьці мы з вамі абмяркоўвалі, у гандлі з КНДР», — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Ён адзначыў, што Кім Чэн Ын шмат расказваў пра Кажамяку.

«Ён мне шмат пра вас расказваў. Я кажу: “Дык гэта наш чалавек, наш сябар”. Ён быў задаволены і падтрымаў вось гэтую ідэю супрацоўніцтва “Беларусь — Прымор’е — КНДР”», — сказаў ён.

У сваю чаргу Кажамяка нагадаў, што заканчваецца будаўніцтва моста праз раку Туманная, які звяжа РФ і КНДР.

«Аўтадарожны мост, паром запускаецца, чыгуначны пераезд. Таму ўсе пытанні, звязаныя з пастаўкай тавараў і ўзаемаадносінамі, звязанымі з узаемаразлікамі, мы ўжо крыху пачалі адпрацоўваць», — сказаў расійскі чыноўнік.

«Недзе мы зможам падставіць сваё плячо. Але ў асноўным вы акажыце нам падтрымку. І гэта будзе выгадна для Прымор’я ў тым ліку. Гэта будзе яшчэ адзін рычаг, адзін з напрамкаў развіцця Прымор’я», — сказаў Лукашэнка.

«Так, патрэба ў вашых таварах у іх ёсць. І ў тэхніцы, і ў прадукцыі. Таму я думаю, што тут для іх гэта будзе зручны маршрут. У цэлым ужо адпрацаваныя ўзаемаадносіны. Таму мы, вядома, з вялікім задавальненнем уключымся ў гэтую працу. І плюс нашы адносіны дазваляюць гэта рабіць цалкам адкрыта і без якіх-небудзь там дадатковых складанасцяў», — адрэагаваў Кажамяка.

Лукашэнка звярнуў увагу кіраўніка сваёй адміністрацыі Дзмітрыя Крутога на дадзеную схему.

Трэба адзначыць, што цяпер у Беларусі знаходзіцца дэлегацыя КНДР, якая прыбыла на выставу «Белагра-2026».

Падчас размовы з Кажамякам Лукашэнка таксама адзначыў, што сёлета тавараабарот паміж Беларуссю і расійскім рэгіёнам можа перавысіць 100 млн долараў. Ён таксама прапанаваў губернатару паглядзець, што цікавага ёсць на выставе «Белагра».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.