Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з генеральным дырэктарам Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Цюй Дун’юем. Ён паскардзіўся чыноўніку з ААН на санкцыі супраць беларускіх угнаенняў.
«У сувязі з тым, што геапалітычныя працэсы набылі нядобры характар, мы сёння адчуваем і дэфіцыт асабліва мінеральных угнаенняў, якія, натуральна, спрыяюць росту ўраджайнасці тых ці іншых культур, асабліва пшаніцы, кукурузы. І ў сувязі з гэтым харчовая праблема абвастраецца.
Мы гатовыя ўнесці свой уклад у забеспячэнне спажыўцоў у свеце мінеральнымі ўгнаеннямі. Больш за тое, каля 20% усіх мінеральных угнаенняў у свеце прыпадае на вытворцаў у Беларусі. Таму ўсялякія санкцыйныя абмежаванні, усялякія спробы ізаляваць Беларусь ад сусветнага рынку мінеральных угнаенняў контрпрадуктыўныя і вельмі негатыўна ўплываюць на забеспячэнне людзей на планеце прадуктамі харчавання.
Мы гатовыя больш шырока супрацоўнічаць з вамі для таго, каб забяспечыць сусветную супольнасць мінеральнымі ўгнаеннямі, аграрны сектар і павысіць узровень забяспечанасці харчаваннем у свеце.
Вы нашы магчымасці ведаеце. Кажыце, што мы, беларусы, павінны зрабіць для паляпшэння сітуацыі з забеспячэннем харчаваннем насельніцтва нашай планеты», — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што ў пятніцу Лукашэнка падкрэсліваў, што ў яго няма праблем са збытам угнаенняў. Паводле яго слоў, усе аб’ёмы закантрактаваныя, у тым ліку і азотных угнаенняў. Пры гэтым ён заўважыў, што было б някепска пастаўляць іх праз Літву, як раней: гэты маршрут забяспечвае большую маржынальнасць.
Сёння Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь валодае высокаразвітай сельскай гаспадаркай, вырабляе ўвесь шэраг неабходнай сельскагаспадарчай тэхнікі для апрацоўкі зямлі і дапамагае іншым краінам асвойваць аграрныя тэхналогіі.
«Самае галоўнае — мы сёння супрацоўнічаем з тымі дзяржавамі, якія маюць патрэбу ў тэхналогіях у галіне аграрнага бізнесу. І не толькі прадаём туды харчаванне, але робім усё, каб гэтыя краіны, іх грамадзяне мелі магчымасць вырабляць у сябе сельскагаспадарчую прадукцыю. Мы навучаем людзей і там, і ў Беларусі, і шмат чаго дасягнулі ў вытворчасці прадуктаў харчавання і забеспячэнні грамадзян, напрыклад, Афрыкі», — сказаў ён.
У сваю чаргу кітайскі чыноўнік, які працуе ў ААН, у першую чаргу вырашыў уславіць Лукашэнку.
«Вы вядомы не толькі ў Расіі, Кітаі. Вы вядомы палітык ва ўсім свеце. Я хацеў бы выказаць сваю ўдзячнасць і найвышэйшую ацэнку таму ўкладу, які вы ўносіце ў развіццё Беларусі. Асабліва каштоўна тое, што вы зрабілі з моманту набыцця краінай незалежнасці ў 1990-х да моманту яе росквіту — цяпер Беларусь з’яўляецца краінай з сярэднім узроўнем даходу. І гэты працэс ажыццяўляўся ў вельмі цяжкіх умовах. Гэта значыць, была праведзена велізарная праца. Вы прадэманстравалі выдатны баланс паміж палітычным падыходам, стабільнасцю, эканамічным развіццём і сацыяльнай абаронай», — сказаў ён.