LRT апублікавала вынікі апытання жыхароў Літвы наконт санкцый супраць Беларусі.
Апытанне праводзілася з 23 красавіка па 7 мая кампаніяй Baltic Research. У ім прынялі ўдзел 1000 жыхароў краіны ва ўзросце 18 гадоў і старэй (рэпрэзентатыўная выбарка). Хібнасць вынікаў не перавышае 3,1 п.п.
Як паведамляе LRT, 35% лічаць, што Літве варта аслабіць некаторыя санкцыі і наладзіць дыялог з Мінскам.
- 30% выступаюць за захаванне санкцый і бягучай палітыкі.
- 17% лічаць, што санкцыі трэба ўзмацніць.
- 11% выказаліся за поўную адмену санкцый.
Нагадаем, ЗША спрабуюць паўплываць на Літву ў пытанні санкцый. Нядаўна стала вядома пра ліст спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла, у якім ён прапанаваў Літве і Польшчы забяспечыць транзіт беларускіх калійных угнаенняў. У Вільні заявілі, што санкцыі былі ўведзены Еўрасаюзам і будуць дзейнічаць да лютага 2027 года, таму аднабаковыя крокі з літоўскага боку фактычна немагчымыя.