СК скончыў расследаванне забойства мінчука, які зайшоў да суседзяў зрабіць заўвагу за шум

Навіны
Фото: СК

Следчы камітэт скончыў расследаванне забойства 35-гадовага мінчука. Ён быў забіты восенню мінулага года.

Тады пра знікненне забітага заявіла яго маці. Паводле яе слоў, яна папрасіла сына схадзіць да суседзяў і пагаварыць з імі, каб тыя перасталі шумець. Пасля гэтага ён так і не вярнуўся.

Падчас агляду тэрыторыі следчыя звярнулі ўвагу на пашкоджаную камеру відэаназірання і акрываўленыя рэчы ў смеццевым кантэйнеры.

У выніку яны выйшлі на двух падазраваных, братоў 54 і 60 гадоў. Іх затрымалі ў гаражы ў Валожынскім раёне, дзе яны хаваліся. Браты прызналіся ў здзяйсненні злачынства і паказалі месца, дзе схавалі труп.

Паводле версіі следства, браты распівалі спіртное па месцы жыхарства. У працэсе адзін з іх накіраваўся ў пад’езд, пачаў гучна крычаць і грукаць у дзверы суседніх кватэр. На шум выйшаў мужчына, які супакоіў парушальніка, і яны разам сталі выпіваць дома ў абвінавачанага. Неўзабаве паміж адным з фігурантаў і 35-гадовым госцем узнікла сварка.

Падчас сваркі старэйшы з абвінавачаных узяў провад ад падаўжальніка і пачаў душыць суседа, а пасля нанёс яму некалькі ўдараў нажом у вобласць шыі і галавы. Да яго далучыўся брат. Яны збілі пацярпелага. Ад атрыманых траўмаў той памёр на месцы.

Далей браты вырашылі схаваць сляды. Забраўшы аўтамабіль з гаража ў Валожынскім раёне, браты паклалі ў яго лапаты, мяшкі з цэментам і плёнку, а пасля накіраваліся ў лясны масіў Мінскай вобласці, дзе выкапалі яму і, пакінуўшы інвентар, вярнуліся ў кватэру. Яны зацерлі сляды крыві, загарнулі цела забітага ў покрыва і абвязалі яго буксіровачным тросам. Калі на вуліцы стала мала людзей, адзін з братоў пашкодзіў пад’ездную камеру, а пасля яны вынеслі труп у машыну і накіраваліся да загадзя падрыхтаванага месца. У лесе мужчыны апусцілі труп у яму, засыпалі яго цэментам і грунтам. Пасля гэтага яны вярнуліся да гаража, дзе ў металічнай бочцы спалілі покрыва і нож.

Фігурантам прад’яўлена абвінавачанне паводле пп. 6, 15 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд. Абвінавачаныя застаюцца пад вартай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.