Праект беларускага порта ў Прыморскім краі Расіі адправілі ў рэзерв. Так апісаў цяперашняе становішча спраў губернатар расійскага рэгіёна Алег Кажамяка пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Па гэтым праекце: мы трымаем яго ў рэзерве. Калі эканамічная сітуацыя складзецца крыху лепш, мы яго абавязкова запусцім. Час санкцыйнага ціску, трэба крыху перачакаць», — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што ў 2024 годзе, нягледзячы на наяўнасць санкцыйнага ціску, Кажамяка пасля сустрэчы з Лукашэнкам заяўляў, што неўзабаве будзе выбрана месца для будаўніцтва порта, а ў праект могуць прыцягнуць кітайскія інвестыцыі. Аднак ужо праз дзевяць месяцаў, у сакавіку 2025 года, пасля чарговай сустрэчы ў Мінску Кажамяка заявіў, што праект будаўніцтва порта адкладзены з-за высокай ключавой стаўкі Цэнтрабанка РФ, якая тады складала 21%. Губернатар сцвярджаў, што да праекта вернуцца, калі стаўка знізіцца «да разумных межаў». За гэты час расійскі рэгулятар ужо паспеў знізіць стаўку да 14,5% гадавых, але праект адправілі ў рэзерв.
Губернатар лічыць, што ідэя ўсё яшчэ застаецца актуальнай, таму што пастаўкі тавараў з Паўднёва-Усходняй Азіі ў еўрапейскую частку Расіі, у Беларусь «патрэбныя і важныя, заўсёды будуць запатрабаваныя».
«Порт — гэта вельмі сур’ёзнае збудаванне, значнае па сваіх выдатках. Думаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Мы трымаем у рэзерве гэты праект, пакуль без партнёраў з Беларусі не рэалізуем», — дадаў Кажамяка.