Сёння, 24 студзеня, у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрываецца выстава, прысвечаная кнігам і аўтарам, якія апынуліся пад цэнзурнай забаронай у Беларусі.
Праект прадстаўляе гісторыі твораў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі» або «непажаданымі». Раней выстава ўжо экспанавалася на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа ў Кракаве і падчас цырымоніі прэміі Гедройця ў Гданьску. Цяпер пазнаёміцца з «галасамі кніг, якім наканавана маўчаць», могуць і жыхары Варшавы.
Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай падкрэслівае важную ролю гэтых твораў у супраціве дыктатуры:
«Сабраныя на нашай выставе кнігі вельмі розныя: жанрамі, тэмамі, глыбінёй чалавечага досведу. Але аб’ядноўвае іх адно: непрыманне ідэй таталітарнай дзяржавы. Яны паказваюць іншыя мадэлі жыцця, альтэрнатыўныя версіі рэальнасці. Сапраўдная літаратура не падпарадкоўваецца ўладзе, а проста слухае жыццё. Не прыслужвае – вось у чым яе галоўная віна перад дыктатурай».
Выстава заклікае наведвальнікаў не проста пагартаць старонкі «недазволеных» выданняў, але і асэнсаваць механізм цэнзуры, якая выціскае з бібліятэк і школ важныя ідэі пра мову, гісторыю і свабоду.
Для тых, хто хоча даведацца больш: Уся інфармацыя на тэму забароненых выданняў сістэматызавана на спецыялізаваным сайце: bannedbooks.penbelarus.org.
Час і месца: 24 студзеня, Музей Вольнай Беларусі (Foksal, 11).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
