Савет міністраў пастановай №740 ад 20 снежня зацвердзіў дзяржпраграму «Нетры» на 2026–2030 гады. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 1 студзеня.
Адказным заказчыкам дзяржпраграмы з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Праграма накіраваная на вырашэнне наступных задач:
- павышэнне ўзроўню геалагічнай вывучанасці тэрыторыі;
- аднаўленне і развіццё мінеральна-сыравіннай базы, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання карысных выкапняў.
Асноўнымі напрамкамі рэалізацыі праграмы вызначаны:
- рэгіянальнае вывучэнне нетраў (геафізічныя, геолага-здымачныя работы, параметрычнае бурэнне, тэматычныя работы і метадычнае суправаджэнне) і складанне карт новага пакалення маштабу 1:200 000;
- нарошчванне ўласнага паліўна-энергетычнага патэнцыялу;
- пошук, ацэнка, папярэдняя разведка і падрыхтоўка да прамысловага асваення новых радовішчаў будаўнічых матэрыялаў і іншых відаў сыравіны;
- ацэнка перспектыў выяўлення на тэрыторыі Беларусі рудных карысных выкапняў;
- удасканаленне сістэмы збору, апрацоўкі, аналізу, захоўвання і прадастаўлення ў карыстанне геалагічнай інфармацыі;
- лічбавізацыя геалагічнай галіны.
Аб’ём фінансавання праграмы складзе 276,08 млн рублёў, з якіх амаль 273,4 млн рублёў складуць сродкі рэспубліканскага бюджэту, а 2,7 млн рублёў — уласныя сродкі арганізацый.
Усяго за пяць гадоў урад плануе пакрыць 60% тэрыторыі краіны геалагічнымі картамі новага пакалення. Цяпер узровень пакрыцця складае 42%.
Мяркуецца, што за пяць гадоў прырост здабывальных прагнозных рэсурсаў нафты складзе 4,05 млн т, а прырост геалагічных запасаў нафты — 1,867 млн т. Таксама ўстаноўленыя паказчыкі прыросту запасаў мелу, торфу, кааліну і глін.