Расійскі ўпаўнаважаны па правах чалавека Таццяна Маскалькова падзякавала Аляксандру Лукашэнку за магчымасць праводзіць абмены ваеннапалоннымі на беларускай тэрыторыі паблізу ўкраінскай мяжы.
Пра гэта яна заявіла ў суботу падчас 72-га абмену ў фармаце 175 на 175, піша Sputnik Беларусь. У яго межах таксама былі 7 мірных жыхароў Украіны і 7 — Курскай вобласці РФ.
«Цяжка знайсці словы, каб выказаць вялізную падзяку і прэзідэнту Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, і тым людзям, якія разам з намі сустракаюць і ваеннапалонных, і грамадзянскіх», — сказала яна.
Паводле яе сцвярджэння, атмасфера, створаная на беларускай тэрыторыі, дазваляе дамаўляцца з украінскім бокам і аказваць неабходную дапамогу людзям адразу пасля перасячэння мяжы.
«Людзям патрэбна і хуткая дапамога, і лекавыя сродкі. Хтосьці адразу ж хацеў бы звязацца са сваімі роднымі людзьмі», — сказала Маскалькова.
