«Радыё Свабода»: «Мядзведзяня Гомельскі» ўдзельнічаў у анлайн-сходках аўтарытэтаў ва ўкраінскіх СІЗА

Навіны
Александр Медведев (Медвежонок Гомельский). Фото: "Прайм Крайм"

Дэпартамент стратэгічных расследаванняў Нацыянальнай паліцыі Украіны паведаміў, што беларускі «вор у законе» Аляксандр Мядзведзеў па мянушцы «Мядзведзяня Гомельскі» ўдзельнічаў як мінімум у 14 крымінальных сходках, на якіх абмяркоўвалася фармаванне «абшчаку».

Як піша «Радыё Свабода», за апошнія некалькі месяцаў у «абшчак» пералічылі больш за 700 тысяч грыўняў (каля 16 тысяч долараў), сабраных ад распаўсюду наркотыкаў сярод зняволеных Хмяльніцкага следчага ізалятара.

Акрамя таго, следства задакументавала шматлікія факты вымагальніцтва. Пацярпелых прымушалі перадаваць ад 30 да 80 тысяч грыўняў.

Дзейнасцю ў ізалятары кіравалі два «воры ў законе», у тым ліку беларускі. Непасрэдна ў СІЗА яе ажыццяўляў грамадзянін Азербайджана па мянушцы «Рамін Гянджынскі», які неаднаразова адбываў пакаранне ў Расіі і быў затрыманы ва Украіне летась. Сходкі праходзілі ў фармаце аўдыё- і відэаканферэнцый паміж зняволенымі розных устаноў, а таксама з удзелам асоб, якія знаходзіліся на волі і за межамі Украіны.

«Падчас такіх сходак удзельнікі абмяркоўвалі размеркаванне сфер уплыву, каардынацыю злачыннай дзейнасці, збор сродкаў у “абшчак”, наркатрафік, правядзенне азартных гульняў, а таксама механізмы ціску на іншых арыштантаў», — адзначылі ў дэпартаменце паліцыі.

Падчас ператрусаў у камерах і па месцах пражывання фігурантаў супрацоўнікі паліцыі сумесна з СБУ канфіскавалі мабільныя тэлефоны, банкаўскія карты, чарнавыя запісы і грошы. Пяці ўдзельнікам сходак прад’яўлены падазрэнні паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны, уключаючы арганізацыю злачынных сходак, вымагальніцтва і незаконны збыт наркотыкаў. Пра завочнае падазрэнне беларускаму «вору ў законе» не паведамляецца.

Аляксандр Мядзведзеў нарадзіўся ў Гомелі ў 1970 годзе. Упершыню трапіў у турму ў 2006 годзе. Каранаваны на злодзейскай сходцы ў Дубаі ў 2012 годзе. Адбываў пакаранне ў розных папраўчых калоніях Беларусі. Пасля аднаго з вызваленняў ён выехаў з Беларусі ў Расію, аднак у сакавіку 2013 года яго затрымалі ў Маскве ў межах сумеснай беларуска-расійскай спецаперацыі. Праз год пасля адбывання пакарання ў Мурманскай вобласці за распаўсюд наркотыкаў яго этапавалі ў Беларусь.

У 2014 годзе ў Гомелі яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі за вымагальніцтва.

У сакавіку 2024 года начальнік беларускага галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю паведаміў пра чарговае вызваленне Мядзведзева і намякнуў, што той зноў пакінуў тэрыторыю Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.