Шчурка залацістая выбрана птушкай года Беларусі на 2027 год. Конкурс праводзіўся сумесна НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, інфармацыйным рэсурсам «Смартпрэс» і кампаніяй «Дзікая прырода».
Удзельнікі выбіралі з чатырох кандыдатаў: шчурка залацістая, чырок-траскунок, чайка азёрная і баклан вялікі. Шчурка перамагла з вялікім адрывам, набраўшы 2165 галасоў з 2172.
«Залацістая шчурка, наш чэмпіён, — пералётная насякомаедная птушка з трапічнага сямейства сіваваронкавых, якая гняздуецца ў норах і ўключана ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сустракаецца ва ўсіх абласцях Беларусі, але больш звычайная на поўдні. Колькасць невысокая, але з пацяпленнем клімату паступова расце, від прасоўваецца на поўнач. На жаль, нярэдка ў дзеючых кар’ерах разбураюцца іх гнёзды, таму трэба своечасова выяўляць такія месцы і перадаваць хаця б пад часовую ахову», — паведамляе «Дзікая прырода».
Птушкай года-2026 быў выбраны бусел.
З 2000 года конкурс штогод праводзіўся грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны», але ў 2022 годзе ўлады закрылі яе «за экстрэмісцкую дзейнасць пад выглядам валанцёрства». Перад ліквідацыяй АПБ паспела абвясціць птушак года на 2023, 2024 і 2025 гады.
