У маі продажы бензіну з беларускіх НПЗ рэзка выраслі на таварнай біржы ў Санкт-Пецярбургу. Паводле даных “Коммерсанта”, за 1-22 мая на біржы было рэалізавана 17,34 тыс. т беларускага паліва, у той час як летась за той жа перыяд было прададзена 0,3 тыс. т.
Пры гэтым за перыяд 18-22 мая на біржы прадалі 8,88 тыс. т беларускага бензіну, што амаль у чатыры разы больш, чым за папярэдні тыдзень. Усяго 18-22 мая было рэалізавана 6 тыс. тон АІ-92, 2,4 тыс. тон — АІ-95, 0,48 тыс. тон — АІ-100.
Выданне адзначае, што попыт на беларускі бензін застаецца высокім, нягледзячы на больш высокую цану ў параўнанні з расійскім.
Сітуацыя складваецца на фоне атак на расійскія НПЗ. Таму пакупнікі цікавяцца імпартным палівам з улікам «фактычнай наяўнасці рэсурсу і тэрмінаў пастаўкі на месцы».
Крыніца выдання адзначае, што кошт беларускага паліва адлюстроўвае рынкавую сітуацыю. На яго думку, без цэнавых абмежаванняў на расійскі бензін яго цана была б ужо на ўзроўні беларускай. Пры гэтым аб’ём імпарту з Беларусі не з’яўляецца значным на фоне агульнарасійскага гадавога спажывання ў 40 млн т.