Улады Літвы фіксуюць мінімальную колькасць кантрабандных метэазондаў, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, пры гэтым спробы нелегальнага ўвозу цыгарэт працягваюцца. Пра гэта заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене на сённяшняй прэс-канферэнцыі, піша LRT.
Паводле яе слоў, у апошнія тыдні сітуацыя заставалася адносна спакойнай, у тым ліку з-за неспрыяльных умоў надвор’я. Зачыняць Вільнюскі аэрапорт у гэты перыяд не спатрэбілася, а калядныя і навагоднія святы прайшлі без сур’ёзных інцыдэнтаў. У той жа час у ноч напярэдадні быў зафіксаваны мінімальны, але ўсё ж чарговы запуск кантрабандных шароў, у выніку чаго праваахоўныя органы канфіскавалі каля 3 тысяч пачкаў цыгарэт.
«На працягу пэўнага перыяду часу ў нас было дастаткова спакойна, гэта было звязана з неспрыяльным ветрам, але былі розныя сітуацыі. Было так, што вецер быў спрыяльным, дзьмухаючы ў бок аэрапорта, але вялікай колькасці балонаў у нас не было. Практычна мы спакойна правялі святы: і Каляды, і Новы год.
Учора ўначы была зафіксавана мінімальная колькасць балонаў, яны былі заўважаныя. Яны былі заўважаныя, і кантрабандныя цыгарэты канфіскавалі. 3 тысячы пачкаў цыгарэт знаходзяцца ў праваахоўных органаў. Гэта азначае, што, нягледзячы на тое, што цяпер міжсвяточны перыяд, Трох каралёў, праваахоўныя органы актыўна працуюць кожную ноч, і барацьба з кантрабандай не скончылася, яна будзе актыўна працягвацца да таго часу, пакуль кантрабандысты не стомяцца запускаць паветраныя шары», — заявіла прэм’ер.
Кантрабандныя шары, якія выкарыстоўваюцца для пераправы цыгарэт з Беларусі у Літву, раней неаднаразова стваралі пагрозу грамадзянскай авіяцыі, у тым ліку ў раёне Вільнюскага аэрапорта, што прыводзіла да збояў у авіяпаведамленні і фінансавых страт для авіякампаній і пасажыраў. Улады Літвы разглядаюць такія дзеянні як элемент гібрыднага ціску з боку беларускага рэжыму.
